Аляксей Францкевіч: Пра загінулых беларусаў ніхто нічога не ведае



„Госць Рацыі” Аляксей Францкевіч, заснавальнік дабрачыннага фонду „Вільна Білорусь”, што дзейнічае зараз ва Украіне. Гутарым з Аляксеем пра валанцёрства, ушанаванне памяці беларускіх ваяроў, што змагаюцца за Украіну яшчэ з 2014 году, а таксама пра дапамогу беларусам, што засталіся ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

Фота: vilnabilarus.org.ua

У Бучы ўжо ёсць вуліца „Літвіна” Хрэнава, гэта была Аб’язная. Гэта вуліца побач з тым месцам, дзе Ілля загінуў. Яна пачынаецца з флагштока, дзе зараз зрабілі манумент, дзе зараз стаіць сцяг пры ўездзе ў Бучу. У мяне ёсць сябар, гэта чалавек які ўзначальвае ўкраінскую арганізацыю „Декомунізація”. Ён мне патэлефанаваў, сказаў, што ва Украіне масава пераймяноўваюцца вуліцы. Мы пачалі шукаць магчымасць, дзе мы маглі б падаць, бо пачалі змяняць берасцейскія, беларускія, менскія. Бучанская адміністрацыя разгледзела гэтую заяўку і прыняла рашэнне, каб у Бучы з’явілася гэта вуліца.

РР: То бок гарадская адміністрацыя нармальна паставілася?

Я больш вам скажу. Мы ж зараз адкрылі музей „Вільна Білорусь з Україною в серці” прысвечаны беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё з пачатку расейска-украінскай вайны ў 2014 годзе. Юрыдычны адрас у нас у Бучы.

РР: То бок гэта не проста выстава, а сталы музей?

– Пакуль выязная экспазіцыя. Пакуль яна ў Кіеве, потым ёсць прапанова выставіць яе ў Дняпры, пасля будзе Вільня, Варшава, магчыма Чэхія. Вывезем яе ў Еўропу, каб еўрапейцы ведалі, што беларусы аддаюць сваё жыццё ва Украіне за будучыню ўсёй Еўропы. Наша экспазіцыя, наш музей пачынаецца з Міхаіла Жызнеўскага, беларуса, які адным з першых аддаў сваё жыццё на „Майдане Незалежносці” падчас „Революції гідності”. Сярод беларусаў, якія прадстаўлены на выставе, дваім пасмяротна прысвоены званне героя Украіны. У гонар трох перайменаваныя ўкраінскія вуліцы.

РР: Дзе апроч Бучы ёсць вуліцы?

У Хмяльніцкім вуліца Скоблі, які загінуў напачатку поўнамаштабнага ўварвання. З Герояў Украіны – гэта Жызнеўскі і Скобля. Вуліцы ў гонар Жызнеўскага, Скоблі, Літвіна.

РР: Давайце можа крыху пра выставу? Што там можна пабачыць?

Экспанаты прысвечаны шаснаццаці беларусам, якія загінулі з 2014 года. На жаль мы пакуль не можам выставіць усіх беларусаў і агучыць імя і прозвішча. Па-першае, іх родныя і блізкія знаходзяцца ў Беларусі, гэта для іх небяспечна. Па-другое, гэта беларусы, пра якіх мы маем мала інфармацыі ці зусім не маем.

РР: Хто збіраў гэтыя матэрыялы?

У нас за гэта адказвае ўдава „Сябро” – загінулага беларуса. Пачыналася з таго, што з’явілася ідэя правесці аўкцыён. Думалі прыцягнуць увагу беларусаў да гэтага прадаўшы нейкія асабістыя рэчы загінулых беларусаў. Калі сталі гэта абмяркоўваць, то прыйшлі да думкі, што гэта ўсё ж такі не вельмі добрая ідэя. Тады з’явілася гэтая ідэя. Мы даведаліся колькі беларусаў. Потым мы зразумелі, што пра гэтых беларусаў ніхто нічога не ведае. Не ведаюць у першую чаргу самі беларусы. Нарадзілася ідэя стварэння гэтай выставы, гэтага музею. На сённяшні дзень мы не ведаем пра шмат якіх беларусаў і пра іх подзвігі, якія яны тут здзейснілі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Аляксей Францкевіч зазначыў, што кожны можа пры жаданні дапамагчы фонду „Вільна Білорусь”. Патрабуюцца нават не данаты, але валанцёры і людзі, якія маглі б дапамагчы са стварэннем анлайн-версіі музею загінулых беларускіх добраахвотнікаў.

З „Госцем Рацыі” гутарыла Алеся Вербаловіч.

Беларускае Радыё Рацыя