19 мільёнаў злотых на рамонт філіяла Беластоцкага ўніверсітэта ў Вільні



У сераду ў Беластоку дамову на гэты конт падпісалі віцэ-прэм’ер і міністр навукі Польшчы Яраслаў Говін і ўлады ВНУ.

Філіял Універсітэта ў Беластоку — гэта адзіны замежны філіял на тэрыторыі Літвы. Аддзяленне вучыць па спецыяльнасцях эканоміка, інфарматыка, а з гэтага году таксама еўрапейстыка.

Палітык абмеркаваў з уладамі Універсітэта пытанне пашырэня супрацоўніцтва з ВНУ ў Беларусі.

Паводле віцэ-прэм’ера Яраслава Говіна, Беласток з’яўляецца добрым месцам да супрацоўніцтва з усходам у некаторых навуковых напрамках.

Ёсць такія сферы навуковых даследаванняў, дзе мы модам развіваць супольныя праекты. Я маю на ўвазе перш за усё дакладныя і тэхнічныя навукі, бо ў краінах на Усход ад Польшчы ўзровень гэтых навук сапраўды высокі. Крыху горш з гуманітарнымі і сацыяльнымі навукамі і тут магчымасці супрацы выразна меншыя.

Універсітэт у Беластоку разам з універсітэтамі на ўсходзе належыць да “Сеткі ўніверсітэтаў памежжа” арганізацыі, якую ствараюць ВНУ з Польшчы, Беларусі, Літвы, Расеі і Украіны. Транспамежныя канферэнцыі, абмен студэнтаў і стажыроўкі для навукоўцаў, гэта галоўныя задачы суполкі.

Стваральнікамі „Сеткі” з’яўляюцца між іншым тры дзяржаўныя ўніверсітэты з Беларусі, Янкі Купалы ў Гродне, Аляксандра Пушкіна ў Берасці ды ўніверсітэт у Баранавічах.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток