Амаль 1500 чалавек знаходзяцца ў цэнтрах для замежнікаў у Польшчы
У першы дзень кастрычніка на польска-беларускай мяжы была зафіксавана ажно 601 спроба нелегальнага перасячэння мяжы, паведамляе ў Twitter памежная служба Польшчы. Затрымана 29 нелегалаў. Затрымана таксама пяць замежнікаў за аказанне дапамогі па нелегальным перасячэнні мяжы.
Са жніўня памежная служба спыніла больш за 10 тысяч спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы, і 1,5 тысячы чалавек затрымалі ўнутры краіны і даставілі ў цэнтры бежанцаў. Толькі ў верасні было зроблена звыш сямі з паловай тысяч (7535) спробаў перасекчы мяжу паміж Польшчай і Беларуссю.
Зараз амаль паўтары тысячы ( 1490) чалавек знаходзяцца ў ахоўных цэнтрах для замежнікаў у Польшчы – паведамляе Польская Памежная служба. Большасць – грамадзяне Ірака. Толькі 44% замежнікаў, якія знаходзяцца ў цэнтрах, звярнуліся за міжнароднай абаронай на тэрыторыі Польшчы, адзначаюць польскія памежнікі.