Амаль траціна ўкраінцаў шкадуе пра развал СССР
Такія вынікі выявіла праведзенае нядаўна сацыялагічнае апытанне. Цікава, што значная частка апытаных нарадзілася пасля 1991 года і пра СССР ведае толькі з кінематографа і з аповедаў старэйшых.
Апытанка праводзілася ва ўсіх рэгіёнах Украіны. 31% апытаных шкадуюць пра развал СССР, 14% не далі адказу. Разам з тым 56% рады развалу Савецкага Саюза.
Больш за ўсё прыхільнікаў савецкага мінулага жыве на поўдні і ўсходзе Украіны — 49% і 39% адпаведна. Чым далей ад усходняй мяжы, тым у СССР менш прыхільнікаў: 25% у цэнтральных рэгіёнах і ўсяго 7% на Захадзе. Чым старэйшыя апытаныя, тым яны бяднейшыя і чым меншы іх узровень адукацыі, тым больш яны шкадуюць пра развал Савецкага Саюза. Найбольшы адсотак прыхільнікаў СССР — жанчыны сталага веку з вясковых мясцовасцяў Поўдня і Усходу.
Нягледзячы на нечакана высокую лічбу прыхільнікаў савецкай мінуўшчыны, іх колькасць ва Украіне няўхільна змяншаецца. Так, у 2010 годзе пра развал СССР шкадавала 46% апытаных, у 2013 годзе – 41%.
Сацыялагічнае даследаванне праводзіла ўкраінская сацыялагічная група «Рэйтынг». Узрост апытаных – ад 18 і да 80 гадоў. Усяго было апытана 1800 чалавек.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя