Амбасада Польшчы патлумачыла прычыну спынення выдачы віз для пакупак



Консульскія ўстановы Польшчы ў Беларусі выдаюць амаль палову ўсіх  у краіне, гаворыцца ў каментары польскага пасольства ў сувязі з тым, што з 2 студзеня 2019 года Польшча спыняе выдачу беларусам шэнгенскіх віз для пакупак.

„Змены, якія ўводзяцца з 2 студзеня 2019 года, носяць чыста тэхнічны характар, іх мэта — яшчэ большая адкрытасць на патрэбы грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўязджаюць у Польшчу, а таксама ўязджаюць праз Польшчу ў іншыя краіны — члены Шэнгенскага пагаднення. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, якія падаюць дакументы на атрыманне візы, гэтыя змены не прычыняць нязручнасці”, — адзначаецца ў паведамленні.

У адпаведнасці з ўдакладненым пералікам прыкладаных дакументаў, адзіным для ўсіх консульскіх устаноў краін — членаў Шэнгенскага пагаднення, пры звароце па візы грамадзяне Беларусі абавязаныя падаць: пацвярджэнне наяўнасці грашовых сродкаў, страхавы поліс, а таксама пацвярджэнне браніравання гасцініцы ў Польшчы на час знаходжання або дагавор арэнды жылога памяшкання ў Польшчы.

Раней для атрымання візы на пакупкі да стандартнага пакета дакументаў неабходна было прыкласці заяву аб намеры рабіць пакупкі ў Польшчы пры першым звароце. Пры наступных зваротах неабходна было прадставіць арыгіналы і копіі бланкаў на вяртанне VAT і Tax Free, што пацвярджала належнае выкарыстанне візы.

„Тэхнічныя змены станоўча паўплываюць на задавальненне высокага попыту на шэнгенскія візы, якія выдаюць консульскія ўстановы Рэспублікі Польшча ў Беларусі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні польскага пасольства.

belapan.by