Амбасадар Беларусі ў Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр атраду „Бурага”
Беларуская дэлегацыя на чале з амбасадарам Беларусі ў Варшаве Уладзімірам Чушавым усклала кветкі і запаліла знічы ля магілы-помніка 31 вазаку, закатаванаму ў лесе ля Пухалаў Старых аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса „Бурага”.
Дэлегацыя таксама ўсклала кветкі да помніка савецкім салдатам, які знаходзіцца побач на ваенных могілках у Бельску-Падляшскім. Перад гэтым дэлегацыя наведала Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання. Тут цяпер прэзентуецца для вучняў выстава „Наша Памяць”. Ініцыятар гэтай грамадскай ініцыятывы Яраслаў Іванюк распавёў амбасадару пра выставу і намер грамадскімі сіламі аднавіць помнікі ахвярам крывавага рэйду „Бурага”.
Разам з беларускай дэлегацыяй у Бельск таксама прыехалі дэпутат Сейма Яўген Чыквін і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі. Ля помніка таксама ўсклалі кветкі прадстаўнікі мясцовага самакіравання – бургамістр Бельска Яраслаў Бароўскі і войт гміны Раіса Раецкая.
Беларускае Радыё Рацыя, Бельск-Падляшскі