Амерыканскую вайсковую тэхніку размесцяць на польскіх базах
Польшча і ЗША ў рамках саміту міністраў абароны краінаў НАТА ў Бруселі падпісалі пагадненне пра размяшчэнне амерыканскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Польшчы.
Як паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на заяву міністра абароны Томаша Семоняка, згодна з падпісаным дакументам, Польшча падала для выкарыстання тэрыторыю і аб’екты, якія належаць Авіяцыйнай базе ў Ласку, Цэнтру навучання сухапутных войскаў у Драўска Паморске, вайсковым комплексам ў Сквежыне, Цеханове і Хошчна.
Па словах Семоняка, Польшча і ЗША працягнуць весці перамовы наконт лагістычных дэталяў пагаднення. «Мы закрылі фармальныя пытанні з амерыканскім бокам, і цяпер будзем размаўляць пра падрабязнасці, таму што адны месцы ўжо гатовыя, а іншыя патрабуюць некаторых дзеянняў», — сказаў кіраўнік Мінабароны Польшчы.
Нагадаем, што ў жніўні міністр абароны Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што склады цяжкага ўзбраення амерыканскай арміі з’явяцца ў Польшчы ў сярэдзіне 2016 года. Польскі бок хоча аб’яднаць гэтую ініцыятыву з удзелам амерыканскіх вайскоўцаў у вучэннях «Анаконда». Выкарыстаная падчас вучэнняў тэхніка застанецца ў Польшчы.