Анастасія Кажапенка: Для нас вельмі важная якасць івэнтаў, якія мы праводзім
Беларускі Дом у Варшаве існуе ўжо 10 год. За гэты час тут ладзіліся палітычна-грамадскія, адукацыйныя, сацыяльныя праекты і мерапрыемствы. Нямала падзей было прысвечана і захаванню беларускай культуры і традыцый.
“Для нас вельмі важная якасць івэнтаў, якія мы праводзім”, – гаворыць дырэктар Беларускага Дому ў Варшаве Анастасія Кажапенка:
– Я скажу так, што мы не гонімся за колькасцю мерапрыемстваў. Мы заўсёды ставім на якасць. Таму што ў нас ёсць статутныя мэты нашай арганізацыі. Перадусім гэта папулярызацыя беларускай культуры, беларускай гісторыі. Каб усё было па-беларуску. Мы доўга думалі, ці варта арганізоўваць інтэграцыйныя, вясёлыя святы для беларусаў. Бо ўсё ж такі ідзе вайна. Але пазней мы вырашылі, што беларусам таксама вельмі цяжка – і шмат хто не можа вярнуцца дадому, да сваіх родных. Мы адзінае месца, якое можа прапанаваць сабрацца разам, падрыхтаваць штосьці разам. Вось арганізавалі такі інтэграцыйны пікнік. На жаль, трошачкі не пашанцавала нам з надвор’ем, але, дзякуючы нашай вялікай зале, мы змаглі сабраць каля 80, а можа нават і каля 100 чалавек. І мы гатавалі ўкраінскі борш, смажылі беларускія дранікі, вельмі шмат людзей прынеслі свае прысмакі. Заўсёды вельмі прыемна, калі людзі самі ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Не проста прыходзяць паслухаць, а калі адчуваюць сябе часткай вялікага.
Пра тое, чым цяпер жыве Беларускі Дом у Варшаве, Анастасія Кажапенка распавядзе сёння, у нядзелю, 27-га лістапада, на Беларускім Радыё Рацыя.