Анастасія Сасыкбаева: Каб у Беларусь вярнуцца беларусамі
Каб у Беларусь вярнуцца беларусамі – дзеля гэтых мэтаў у Вроцлаве працуе клуб „Спадчына”. Гэта новыя сябры і знаёмствы ў беларускамоўным коле, падтрымка, разуменне і супольнасць аднадумцаў, бяспечная і свабодная ад бацькоў прастора, – распавяла наша сённяшняя Госця Рацыі, адна з галоўных заснавальніц клуба Анастасія Сасыкбаева.
РР: Як даўно быў створаны ваш клуб? Кім і з якой мэтаю?
Анастасія Сасыкбаева: Наш клуб быў створаны ў лютым 2023 года. Стварыла яго я, а далей ужо далучыліся людзі, з якімі мы працягваем працу. Гэта клуб для нашых беларускіх дзяцей. Да нас прыходзяць дзеці ад 8 да 16 гадоў. Як стварыўся? Мы паехалі ў Германію на 10 дзён. З дзецьмі я і іншыя куратары размаўлялі па-беларуску. Мы там слухалі песні, глядзелі фільмы. Дзеці ў большасці, канешне, былі рускамоўныя. І калі мы пачалі чытаць, то мы пачулі, што ў дзяцей ужо такі акцэнт польскі, што яны пачалі забывацца на беларускую мову. І таму першапачаткова была такая задумка, што мы ў Вроцлаве будзем сустракацца з гэтымі дзецьмі – чытаць беларускі творы, чытаць беларускую літаратуру дзеля таго, каб практыкаваць мову, вывучаць нейкія незнаёмыя словы.
Пасля можа нейкія дыскусіі праводзіць. І г.д. Ну вось такія былі задумкі напачатку. Калі мы вярнуліся ў Вроцлаў, то першыя думкі прыйшлі пра бібліятэку. Мы пазнаёміліся з беларускай, якая працуе ў бібліятэцы. Яе завуць Алеся. Гэта бібліятэка ў Вроцлаве. І такім чынам бібліятэка стала нашым галоўным партнёрам. Мы сталі да яе прыходзіць. Чытаць, дыскутаваць, абмяркоўваць нешта. Вось такая была практыка маўлення. І вельмі хутка гэты клуб пачаў разрастацца. Пачалі прыходзіць новыя дзеці. Прыводзілі сваіх сяброў, сваіх суседзяў, аднакласнікаў. І такім чынам гэта ўсё пачало пашырацца. І на сённяшні дзень у нас больш за 50 дзяцей.
Цалкам размова:
Адсачыць дзейнасць клуба „Спадчына” ці далучыцца да яго можна праз сацыяльныя сеткі, напрыклад, праз адмыслова створаную суполку на фэйсбук.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з фэйсбука Анастасіі Сасыкбаевай.