Памежжа ў розных аспектах – галоўная тэма Летняй школы (абноўлена)



Выбар на Захад ці Усход, а можа трэці шлях? Пра геапалітычнае, эканамічннае і культурнае становішча Беларусі размаўляюць навукоўцы і студэнты Летняй школы Беларускага калегіўма.

«Быць малой дзяржавай на памежжы – гэта выклікі і пагрозы, але таксама перспектывы», – гаворыць доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

– Беларусь значна менш Расеі і гэта пэўны выклік, ёсць рызыка і для Незалежнасці, і для культуры. Польшча – ужо частка Еўрапейскага Звязу. Еўрапейскі звяз яшчэ большы, і пагрозы тут больш эканамічныя. Гэта пэўныя рызыкі. Але адкрываюцца магчымасці і для выкарыстання гэтага – узбагачэння культуры, эканомікі, атрымання своеасаблівага месца палітычнага ў рэгіёне.

Існуе таксама іншы варыянт існавання сярод большых дзяржаваў.

Як кажа філосаф Валянцін Акудовіч трэба для гэтага адпаведных лідараў:

– Праблема дзяржаваў, якія апынаюцца ў такой сітуацыі паміж двума вялікімі суседзямі – гэта праблема геніяльных палітыкаў. Швейцарцы для мяне, пасля паўночных народаў, самы вялікі народ, бо яны ў сітуацыі гэтай калатнечы вялікіх дзяржаваў змаглі знайсці фармат свайго бачання.

Падчас летняй школы Беларускага калегіўма праходзяць даклады навукоуцаў ды інтэлектуалаў, вядуцца дыскусі і дэбаты. Галоўная тэма сустрэчы гэта памежжа ў розных аспектах: гістарычным, эканамічным і палітычным.

Сустрэча праходзіць у Новым Ляўкове на Падляшшы.

“Удзельнікі летняй школы будуць размаўляць пра розныя вымярэнні памежжа”, – кажа арганізатар школы, дырэктар інстытуту “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч: 

– Гэта нагода паразважаць над праблемай беларускіх межаў. Гэта і пытанне палітыкі – дзяржаўных межаў, пытанне культуры, пытанне ментальнасці. Нельга лічыць, што гэтая тэма зусім не закраналася. Але гэтай школай ёсць жаданне зрабіць новую рэвізію.

„Праграма летняй школы Беларускага калегіума насычаная, а тэма няпростая і шырокая, але важная ў сучасным кантэксце падзей у Еўропе”, –  кажа мастак Міхал Анемпадыстаў:

 – Калі ёсць такая з’ява як памежжа, то натуральна ўзнікае такое пытанне, дзе яно пачынаецца і дзе яно канчаецца. Мяне гэтая тэма цікавіць. На маю думку, гэта тэма, якая найбольш актуальная зараз для беларускай культуры.

Летняя школа працягнецца да 28 чэрвеня. Прымаюць у ёй удзел навукоўцы ды інтэлектуалы з Беларусі, Літвы і Польшчы.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя