Андрэй Кушняроў: Каб добрахвотнікі служылі інтарэсам Беларусі, яны павінны мець самастойнасць
Асацыяцыя беларускіх ветэранаў правяла адмысловую анлайн-сустрэчу пад назвай: „Калі абрынецца рэжым і пасыплецца фронт?”.
Пра неабходнасць большай структураванасці беларускага нацыянальнага войска ў замежжы разважае ваенны эксперт, сузаснавальнік асацыяцыі Андрэй Кушняроў:
– Украіна не можа абваліць эканоміку Расеі, Расея не можа абваліць эканоміку Украіны. Тым больш невялікая дыяспара, нават вялікая, не зможа абрынуць эканоміку Беларусі нават маючы нейкую падтрымку з боку так званых саюзнікаў. Недастаткова палітычнага капіталу і хутчэй за ўсё яго не ўдасца атрымаць. Ёсць сэнс рабіць стаўку на ўзмацненне ўласнай структуры, калі мы хочам выкарыстоўваць гэта як фактар ціску на Лукашэнку. Гэта павінна быць беларускае нацыянальнае войска. Цяпер усе беларускія фармаванні, яны па факце кіруюцца не беларусамі, яны цалкам залежаць ад Украіны.
Па словах эксперта, задачы структураванасці беларускай нацыянальнай арміі ў замежжы павінны вырашацца ў тым ліку і дыяспарай. Напрыклад, праз стварэнне рэзерваў, вядзенне палітычных перамоваў з трэцімі асобамі пра дыслакацыю такіх фармаванняў і ўзбраенне.
Беларускае Радыё Рацыя