Андрэй Леоненка: Галасы выбаршчыкаў скупляюцца



На мясцовых выбарах, якія прайшлі ва Украіне, было зафіксавана безліч парушэнняў. Непасрэдны подкуп выбаршчыкаў  у спісе тых парушэнняў – ці не на першым месцы. Галасы выбарцаў спрабавалі скупляць і “прадуктовымі пакетамі” з грэчкай і алеем, і дармавымі маршруткамі, і квіткамі на дыскатэкі і, натуральна, гатоўкай.

5448e85ba7736_pidkup_vyborciv_bigbord_grechka

Ці былі падобныя парушэнні на Сівершчыне, якая мяжуе з нашай краінай? У чым прычыны скарумпаванасці ўкраінскага выбарчага працэсу?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Андрэем Леоненкам, кандыдатам у гарадскую раду ад “Радыкальнай партыі Алега Ляшка”, які балатуецца па 13-ай акрузе горада Чарнігава.

Андрэй Леоненка: Сама працэдура выбараў безумоўна, дэмакратычная. Але напярэдадні выбараў наш мэр заняўся свядомым падманам пенсіянераў. Ён раздаў так званыя “сацыяльныя банкаўскія карткі”, якія нядзейсныя і пагэтуль. Гэта – подкуп выбаршчыкаў.

РР: Можа, з боку яго апанентаў былі нейкія юрыдычныя захады, каб абскардзіць дзеі мэра?

Андрэй Леоненка: Ёсць такая палітычная партыя “Наш край”. А ёсць яшчэ і арганізацыя, якая таксама называецца “Наш край”. І гэтая арганізацыя “Наш край” мае права матэрыяльна дапамагаць каму заўгодна. Так што фармальна з юрыдычнага пункту гледжання тут прад’явіць нешта цяжка.

РР: Атрымліваецца, што з аднаго боку ёсць палітычная партыя “Наш край”, а з другога – арганізацыя, якая таксама называецца “Наш край”. Прытым факт карупцыі давесці цяжка. Так?

Андрэй Леоненка: Менавіта так. Датаго ж, гэтыя “сацыяльныя карткі” пагэтуль не актываваныя. Іх абяцаюць актываваць толькі пасля выбараў. Мяркую, што пасля гэтых выбараў тыя карткі, напэўна, не будуць нават актывавацца. Як што – сабекошт гэтых “сацыяльных картаў” 2 грыўні.

РР: Пенсіянеры купляюцца на абяцанкі?

Андрэй Леоненка: Так, купляюцца. Але паказальна, што наш мэр раней ніколі і нікому не дапамог ніводнай грыўняй – я маю на ўвазе бюджэтныя грошы. Затое напярэдадні выбараў ён невядома дзе знайшоў 20 міліёнаў грыўняў бюджэтных грошай, каб кожны пенсіянер дадаткова атрымаў па 500 грыўняў. Менавіта так ён і сказаў. Вось і атрымліваецца, што галасы выбаршчыкаў скупляюцца коштам муніцыпальнага бюджэта.

РР: А чаму, на ваш погляд, усё гэта адбываецца? Якія мажлівасці дае перамога на мясцовых выбарах?

Андрэй Леоненка: Хаця выбары і мясцовыя, але яны маюць стратэгічнае значэнне. Пераможцы атрымліваюць уладу “на месцах”. Гэта найперш партыя Пятра Парашэнкі, якая найбольш пнецца да ўлады, а таксама партыя “Наш край”.

РР: Ці можна сказаць, што гэта – спроба раскрасці тое, што не было раскрадзена папярэднімі ўладамі? Я правільна разумею сітуацыю?

Андрэй Леоненка: Так. Ва Украіне пачынаецца абяцаная дэцэнтралізацыя ўлады. І дэпутаты, якія атрымаюць уладу “на месцах”, будуць мець вялікія паўнамоцтвы. Цяпер усе грошы не будуць адпраўляцца да Кіева, каб там вырашалі, колькі даць нам, а які адсотак пакінуць. Цяпер усё мае вырашацца ў гарадах, у тым жа Чарнігаве. Але ж калі кошты на камунальныя паслугі будуць падвышацца і надалей, людзі проста фізічна не змогуць тыя паслугі аплачваць. У Чарнігаве камунальныя паслугі складаюць да 30 % ад агульных заробкаў…

РР: Нагадайце, якая цяпер сярэдняя зарплата ў Чарнігаве?

Андрэй Леоненка: У некаторых зарплата – 1500 грыўняў, а пенсія можа быць нават і 1100 грыўняў. Калі людзі не змогуць плаціць па тых рабаўніцкіх камунальных тарыфах, яны выйдуць на вуліцы. Ім элементарна не будзе дзе жыць, бо ў новым законе прапісана – маўляў, калі запазычанасць па квартплаце перавышае 10 мінімальных аплат працы, то бок каля 13 000 грыўняў, то выканаўчыя службы маюць права арыштаваць такую кватэру і выставіць яе на аўкцыён. Калі такому чалавеку будуць прыходзіць камунальныя рахункі па паўтары тысячы і ён не зможа цягам года сплаціць гэтыя запазычанасці, яго выкінуць на вуліцу…

Вось і атрымліваецца, што ці не галоўная прычына карупцыйнага складніка выбараў – жабрацкі стан Украіны.

Закон пра крымінальную адказнасць за спробу подкупа выбаршчыкаў быў прыняты Вярхоўнай Радай яшчэ ў кастрычніку 2014 года. Але пагэтуль няма ніводнага прэцэдэнта, каб за перавыбарчую карупцыю каго-небудзь ва Украіне выправілі ў турму.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя