Данецк рыхтуецца да 9 траўня (абноўлена)
Данецк рыхтуецца да 9 траўня: рэпетыцыі вайсковага параду, раздача на вуліцах георгіеўскіх стужак, шалёныя кошты ў крамах і суцэльная галеча.
Пра гэта паведамляе наш карэспандэнт ва Украіне.
– У цэнтры гораду штодня праходзяць рэпетыцыі мілітарнага параду, у якім удзельнічае выключна расейская тэхніка. Залпавыя рэактыўныя сістэмы “Град”, танкі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. На вуліцах раздаюць георгіеўскія стужкі. Увесь горад абвешаны банерамі і плакатамі, прысвечанымі Дню Перамогі. Прычым, у якасці сучасных фашыстаў пазіцыянуюцца Кіеўскія ўлады. У той жа час у данецкіх крамах кошты ў два-тры разы вышэйшыя за суседні Харкаў. У горадзе катастрафічна не хапае прадуктаў. Большасць насельніцтва не атрымлівае грошы з-за адсутнасці працы. Раней паведамлялася, што магчымы правакацыі падчас дэманстрацыі баевікамі ДНР. З мэтай абвінаваціць у гэтым украінскіх вайскоўцаў, каб распачаць наступ у Марыўпальскім ды Харкаўскім накірунку.
* * *
Баявікі ДНР пад выглядам украінскіх вайскоўцаў плануюць 9 траўня расстраляць святочную дэманстрацыю ў Данецку.
Пра гэта афіцыйна паведаміў спікер Адміністрацыі прэзідэнта Украіны па справах АТА Андрэй Лысенка на брыфінгу ў Кіеве. “Паводле дадзеных выведкі, лідары пазаконных узброеных фармаванняў рыхтуюць крывавую правакацыю на Дзень Перамогі. У гэтым тэрарыстычным акце вораг абвінаваціць сілы АТА”, – заявіў Андрэй Лысенка. Паводле высокапасадоўцы, гэты тэракт стане нагодай для масштабнага наступу на ўкраінскія пазіцыі.
Лідары ДНР пакуль ніяк не каментуюць гэтую заяву.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.
Фота rus.azattyq.org