Андрэй Стрыжак даставіў груз медыкаментаў у зону АТО
Валанцёр з Гомеля Андрэй Стрыжак разам з украінскімі калегамі пабываў у зоне АТО. Ён суправаджаў груз медыкаментаў і цёплай вопраткі для пацярпелых ад ваенных дзеянняў украінцаў. Частку сродкаў на гуманітарную дапамогу збіралі беларускія грамадзяне. Паводле Андрэя Стрыжака, аказанне падтрымкі пацярпелым – добры падмурак для ўмацавання сяброўскіх адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі.
– Раённая лякарня, у якую прывозяць параненых з раёну Пяскі і Карлаўка, гэта фарпосты перад аэрапортам. Калі мы прывезлі туды наш гуманітарны груз, і ў ім былі, напрыклад, плёнка для рэнгена, альбо сістэмы для унутрывенных кропельніц, то яны былі вельмі рады гэтаму. Альбо, калі мы, напрыклад, прывезлі адмысловы шоўны матэрыял для унутраных швоў, які сам рассмоктваецца з часам у целе чалавека, яны ўвогуле былі шчаслівыя, што ў іх цяпер такое ёсць. Ну лекары так і казалі, што цяпер у іх ёсць сродкі на некалькі чалавек, каб іх зашыць і выратаваць.
Ад красавіка мінулага году ваенны канфлікт на ўсходзе Украіны ўнёс больш за 5 тысячаў жыццяў.
Беларускае Радыё Рацыя