Андрэй Сцепанюк: „Ганаруся, што быў бурмістрам-беларусам”
Андрэй Сцепанюк узнагароджаны Срэбным Крыжам Заслугі. Дырэктар беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім мае багаты досвед працы ў органах самакіравання. Гэтая праца і была адзначана ў перыяд, калі Польшча святкуе 25-годдзе самакіравання.
У будынку Управы Падляшскага ваяводства прайшло ўрачыстае адзначэнне асобаў, найбольш заслужаных для Падляшша. Агулам Крыжамі Заслугі ды іншымі ўзнагародамі было адзначана каля двух дзясяткаў чалавек. Узнагароды асобам, заслужаным для развіцця мясцовага кіравання, уручалі віцэ-ваявода Веслаў Жылінскі і віцэ-прэм’ер польскага ўрада Януш Пехацінскі.
Андрэй Сцепанюк:
– Па-першае, калі віцэ-прэм’ер уручыў мне гэты медаль, адчуў вялікую стому. Столькі гадоў я ўжо працаваў у самакіраванні! Я прыйшоў у самакіраванне ў 90-м годзе. І гэта трэба падкрэсліць, што я не атрымаў узнагароду толькі і выключна за тое, што я быў восем гадоў бурмістрам, потым яшчэ чатыры гады – старшынём Рады. Хачу падкрэсліць, што я прыйшоў у самакіраванне ад Беларускага выбарчага камітэту. Мы працавалі ў Беларускім выбарчым камітэце ў 1989 годзе на парламенцкіх выбарах, а потым у 1990 гэты камітэт існаваў у Бельску і я дапамагаў там, і калі стаў у 1994 годзе бурмістрам, то таксама як чалец Беларускага выбарчага камітэту, толькі ўжо ў рамках Бельскай кааліцыі. Так што крыху ў самакіраванні жыцця правёў. Трэба было многаму навучыцца. Але сёння ёсць задаволенасць з таго, што меў сваё месца ў гэтых 25-ці гадах самакіравання ў Польшчы, а Польшча за гэтыя гады змянілася кардынальна.
РР: Ці ёсць нешта, чым вы найбольш ганарыцеся, пра што можаце сказаць, вось я гэта зрабіў?
– Ведаеце, я не належу да тых людзей, якія кажуць, што Я гэта зрабіў, бо, каб не тыя людзі, з якімі я працаваў, нічога не было б. Па-першае, мы рабілі рэформу асветы, стваралі гімназіі. Шмат дарог было парамантавана ў Бельску, ёсць шмат іншых справаў. Але я сам у сабе адчуваю адно: вялізнае задавальненне з таго, што я на працягу васьмі гадоў быў беларусам-бурмістрам у Польшчы. І тое, што я выступаў публічна на беларускай мове, хоць не ўсім гэта падабалася, і асабліва не падабалася многім беларусам, я гэтым ганаруся. Я тады быў сабою.
РР: Ці можна сказаць, што цяпер людзі, тыя ж жыхары Бельска Падляшскага, разумеюць свае магчымасці, якія дае ім мясцовае самакіраванне?
– Думаю, што не. Яшчэ трэба гэта надалей ствараць. Самакіраванне надалей павінна развівацца. Нельга, сказаць, што мы ўжо ўсё добра зрабілі. Але свядомасць людзей усё ж большая, не трэба ім толькі перашкаджаць. Я лічу, што рэформа самакіравання – гэта найлепшая рэформа, якая была ажыццёўлена ў Польшчы пасля пераменаў 90-х гадоў. Хоць гэтае самакіраванне яшчэ не дасканалае, і існуюць палітычныя сілы, якія хацелі б вярнуцца да большага цэнтралізму, але дзякуючы таму, што адбылося за гэтыя 25 гадоў, Польшча стала іншай краінай. Людзі паверылі, што калі яны нечага хочуць, то трэба гэтага дамагацца, трэба ствараць свае малыя айчыны. І гэта будзе надалей развівацца. Прыходзіць пакаленне, якое нарадзілася, калі самакіраванне ўжо зараджалася, яны не памятаюць іншых часоў. І гэтае пакаленне, якое не памятае цэнтральнай гаспадаркі, створыць яшчэ лепшае самакіраванне.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара