Андрэй Сцепанюк: Можам застацца без настаўнікаў беларускай мовы



„Зацікаўленне алімпіядай па беларускай мове расце, але нашы вучні ўжо не выбіраюць беларускую філалогію, як накірунак у вышэйшай адукацыі. Можа быць, што ў перспектыве застанемся без настаўнікаў беларускай мовы”, – кажа дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк:

– Вельмі шкада, што ўжо некалькі гадоў выпускнікі не паступаюць на беларускую філалогію Варшаўскага ўніверсітэту. Яшчэ крыху і можа быць праблема з настаўнікамі беларускай мовы. Калі ніхто туды не будзе паступаць, то тыя настаўнікі, якія працуюць, калісьці сыдуць на пенсію. Пабачым, як гэта будзе ў бліжэйшы час. Веру, што сярод фіналістаў ці лаўрэатаў знойдуцца такія, якія б захацелі вучыцца ў гэтым напрамку.

Сёлетнія лаўрэаты і фіналісты алімпіяды па беларускай мове яшчэ да канца не вызначыліся, чым будуць займацца:

– Я не ведаю, што будзе праз два ці тры гады. Вельмі люблю беларускую мову і думаю, што ніколі яе не пакіну, але больш як дадатковы занятак. 

– Не ведаю, што будзе ў будучыні, беларускую мову таксама вельмі люблю. Гэта алімпіяда дапамагла падумаць пра будучыню.

1-га красавіка былі прадстаўлены афіцыйныя вынікі 25-й алімпіяды па беларускай мове, якую ладзіць кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту. Лаўрэатамі алімпіяды сталі 3 вучаніцы з ліцэю ў Бельску і адна з ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя