Андрэй Сцепанюк: Спадзяюся, што і ў Беларусі з’явяцца школы імя Тарашкевіча



Пашырылася інфармаванасць пра асобу лінгвіста і палітыка Браніслава Тарашкевіча на Беласточчыне і ў Беларусі. Так лічыць дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання у Бельску-Падляшскім Андрэй Сцепанюк

РР: У Польшчы адбываецца другі этап працэсу дэкамунізацыі. Інстытут Нацыянальнай памяці ў Польшчы вырашыў, што імя беларускага мовазнаўцы Браністава Тарашкевіча не павінна быць у назвах вуліц, пляцаў, паркаў. Беларускі ліцей у Бельску-Падляшскім якраз носіць гэтае імя.

Андрэй Сцепанюк: Тут яшчэ трэба адназначна сцвердзіць, што Інстытут Нацыянальнай памяці не вырашыў яшчэ нічога адносна нашага ліцэя. Ніякай звесткі мы не атрымалі. Але калі гаварыць пра Браніслава Тарашкевіча, то з аднаго боку крыху цешуся, што ў такі спосаб падыйшоў Інстытут Нацыянальнай памяці, бо мы, як самі беларусы, таксама крыху больш звярнуліся да гэтай постаці. Было звыкла, што ў Бельску ёсць ліцэй Браніслава Тарашкевіча, але, я думаю мала хто, у тым ліку і самі бельчане, цікавіўся самой постаццю Бранісла Тарашкевіча. А тут трэба адназначна сцвердзіць, што маем дачыненне з выбітнай постацці беларускай культуры, гісторыі, палітыкі. Бо такой постаццю быў Браніслаў Тарашкевіч.

Ён, звяртаю на гэта ўвагу, жыў толькі 46 гадоў. А паглядзіце, як шмат зрабіў. Мы перадусім яго ўяўляем як эрудыта, які пераклаў “Пана Тадэвуша” Міцкевіча на беларукую мову, які стварыў беларускую граматыку. Мы ў самім ліцэі яшчэ раз звярнуліся да постаці Браніслава Тарашкевіча і ва ўсіх класах правялі размовы пра гэтую постаць. Хаця гэта рабілі кожны год. І мушу толькі нагадаць, што Браніслаў Тарашкевіч стаў ахвярай той сістэмы, да якой яго хочуць прыпісаць.

Я перакананы, што ёсць гісторыкі, якія займаюцца постаццю Тарашкевіча з польскага боку крыху глыбей, паглядзеўшы на гэтую постаць. Калі гэта ўсё пачалося, да мяне тэлефанавалі карэспандэнты амаль што з усяго свету. І пыталіся, што вы робіце  з іншымі дырэктарамі школаў, якія носяць назву Браніслава Тарашкевіча? Я тады пачаў смяяцца, бо толькі адна такая школа ёсць. Такой школы, на жаль, няма нават у Беларусі! Спадзяюся, што неўзабаве мы ўбачым, што школы, якія носяць назву Браніслава Тарашкевіча з’явяцца ў Беларусі. Я хацеў бы ў гэта верыць.

Інстытут нацыянальнай памяці будзе праводзіць яшчэ адно расследаванне біяграфіі Браніслава Тарашкевіча. Нагадаем, што Браніслаў Тарашкевіч  апрача навуковай дзейнасці займаўся і палітыкай. Будучы дэпутатам, узначальваў Беларускі клуб у Польскім Сейме Другой Рэчы Паспалітай. Узначальваў беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якая ў Заходняй Беларусі налічвала амаль 100 тысяч чалавек. Браніслаў Тарашкевіч быў закатаваны ў 1938 годзе .

Беларускае Радыё Рацыя