Андрэй Сцепанюк стаў ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў
Дырэктар ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, паэт Андрэй Сцепанюк стаў ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Рашэнне было прынятае на сакавіцкім паседжанні Рады СБП шляхам адкрытага галасавання па прапанове сакратарыяту саюза. «Гэта для мяне нечаканасць і вялікі гонар», – кажа Андрэй Сцепанюк:
– Саюз беларускіх пісьменнікаў – гэта тое, пра што можна толькі марыць, каб быць сярод яго чальцоў. Калі ўваходзіш у літаратуру, пішаш на беларускай мове, заўсёды хочацца мець параўнанне з тым, як пішуць аўтары ў Беларусі. А калі становішся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў – гэта вельмі важнае. Там самыя лепшыя беларускія пісьменнікі, паэты, і быць адным з іх – гэта вялікі гонар.
Андрэй Сцепанюк – выпускнік кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Друкаваўся ў студэнцкім часопісе «Сустрэчы», тыднёвіку «Ніва», альманахах «Белавежы». Намінаваны да прэміі «Залаты апостраф» за публікацыі вершаў у менскім часопісе «Дзеяслоў». У 2016 годзе выйшаў у свет зборнік яго вершаў «Распісаны квадрат».
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя