Андрэй Сцепанюк: Веру, што Беларусь стане беларускай
Сённяшні “Госць Рацыі” – дырэктар Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім Андрэй Сцепанюк. З ім размаўляем пра завяршэнне навучальнага года ў Польшчы і пра сітуацыю ў Беларусі.
РР: Сёння ў польскіх школах завяршыўся навучальны год, у Беларускім ліцэі – таксама. Якім быў гэты год?
Андрэй Сцепанюк: Гэта быў чарговы год пад знакам пандэміі. І я сёння таксама ў такіх “пандэмічных” умовах сустракаўся з моладдзю на заканчэнне года. Мы вырашылі не сустракацца ўсе разам, і я вандраваў ад аднаго класа да другога. І жадаў усім, каб з 1-га верасня мы ізноў пачалі працаваць нармальна. Лічу, што дыстанцыйная праца не дае такога эфекту, як гэта выглядала ў ранейшай штодзённай працы школы.
РР: Ліцэй беларускі. Давайце тады глянем на Рэспубліку Беларусь з яе гіганцкімі палітычнымі праблемамі. З арыштамі, судамі, разгонамі пратэстаў. Ці інфармацыя пра тое, што там адбываецца, даходзіць да вашых вучняў?
Андрэй Сцепанюк: Гэтая інфармацыя да іх даходзіць. Нават падчас спатканняў у школе, бо я таксама выкарыстоўваў свае ўрокі для таго, каб гэтую інфармацыю перадаць. Але не трэба спадзявацца, што гэта штосьці самае важнае для гэтых маладых людзей. Трэба гаварыць шчыра. Яны засяроджаныя на сваім жыцці. У сваім узросце – 16 – 18 гадоў яны шукаюць сваё месца ў жыцці. А Рэспубліка Беларусь здаецца нам вельмі далёкай. І напэўна зацікаўленне ёсць, бо мы стараемся звярнуць увагу на тое, што адбываецца з такімі ж самымі маладымі людзьмі ў Беларусі. Я памятаю некалькі гадоў таму найбольшае ўражанне на моладзь зрабіла сустрэча з Франкам Вячоркам, які зараз з’яўляецца дарадцам Святланы Ціханоўскай. І ён расказваў пра сваё знаходжанне ў турме, якія былі цяжкасці і як выглядае жыццё ў Беларусі. Зразумела, зацікаўленне ёсць, і думаю, што яно будзе павялічвацца з увагі на тое, што ўсё больш маладых людзей зараз прыязджае з Беларусі да нас. Напрыклад, ёсць некалькі заявак, каб вучыцца ў нашым ліцэі. Паглядзім, як гэта будзе далей развівацца. І думаю, калі гэтыя непасрэдныя кантакты будуць навязвацца, то можа больш зацікавяцца тым, што адбываецца зараз у Беларусі.
РР: Супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь цягам усіх гадоў, магчыма не надта шчыльнае, але было. Ці нешта змянілася цягам апошняга году?
Андрэй Сцепанюк: Гэтага супрацоўніцтва няма зусім і я на яго зусім не разлічваю. Я ўвогуле не хачу мець ніякіх адносінаў з прадстаўнікамі тых інстытуцый, якія знаходзяцца ў Польшчы і якія прадстаўляюць у гэтую хвіліну ўлады Беларусі.
У той сітуацыі, калі ў Беларусі, на мой погляд, знішчаецца ўсё беларускае і знішчаюцца найбольш патрыятычныя і інтэлігентныя людзі, нельга падтрымліваць такія кантакты.
Пакуль я ў гэтай школе і пакуль сітуацыя ў Беларусі не памяняецца, іх проста не будзе.
РР: Давайце памарым: за мяжой – Беларусь з беларускай мовай на вуліцы і ў школах, беларускімі кнігамі, дэмакратычная Беларусь, адкрытая на еўрапейскія каштоўнасці. Як гэта паўплывала б на вашых вучняў?
Андрэй Сцепанюк: Я цягам многіх гадоў называю гэта марай. Каб Беларусь была беларускай, нам было б нашмат лягчэй. Калі нашыя дзеці едуць у Беларусь, там яны вельмі рэдка спатыкаюцца з беларускай мовай. Зразумела, ім пакажуць нейкі спектакль, ансамбль, але яны выходзяць на вуліцу і не чуюць там беларускай мовы. То як заахвоціць моладзь вывучаць беларускую мову? А калі б здзейснілася гэтая фантазія-мара, я ўпэўнены, што Беларусь зацікавіла б і нашых вучняў, і ўсіх людзей. І я перакананы, што калі б у Беларусі адбыліся дэмакратычныя перамены, то знікла б мяжа. І мы б маглі ездзіць у Беларусь без гэтай страшэннай мяжы з савецкімі чыноўнікамі. І думаю, беларусы, якія б прыязджалі з Беларусі сюды, паказвалі іншы бок свайго жыцця. Калі б яны ганарыліся сваёй краінай, сваёй мовай, сваёй культурай, усё было б па-іншаму. Я надалей у гэтую мару веру і спадзяюся, што такі час настане.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя