Андрэй Сцепанюк: Жадаю Вам, каб усе мы былі людзьмі свабоднымі!
Андрэй Сцепанюк, дырэктар ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім:
Шаноўныя слухачы Радыё Рацыя, у гэты святочны вечар і ў святочную ноч хачу пажадаць вам, па-першае, моцнага здароўя, па-другое, каб той год, што пачнецца неўзабаве, быў годам нашай агульнабеларускай рэфлексіі. 2018 год для нас, беларусаў, якія жывуць у Польшчы, вельмі важны. Я ўпэўнены, што ў сакавіку мы ўсе разам будзем мець нагоду адзначыць вялікае для нас свята: 100-годдзе паўстання Беларускай Народнай Рэспублікі. Але мы, як жыхары Польшчы, таксама ў лістападзе будзем ствякаваць другое 100-годдзе: 100-годдзе паўстання незалежнай Польшчы. Думаю, што ў гэтыя хвіліны мы павінны задумацца над сваёй роляй, якую мы можам зрабіць для нас, тых, што жывуць у Польшчы і што жывуць у Беларусі, для таго, каб мы маглі сапраўды ў адпаведны спосаб выкарыстаць тое, што ў жыцці найважнейшае: сваю свабоду. Жадаю вам, каб усе мы былі людзьмі свабоднымі! Не толькі, каб дзяржавы былі свабоднымі, але каб мы, як людзі, пачуваліся свабодна, каб мы мелі свабодную думку, каб нашы паводзіны таксама былі свабоднымі. Калі чалавек свабодны, ён робіцца намнога разумнейшым і выкарыстоўвае свой вялікі патэнцыял. Таму, дарагія сябры, у гэты вечар я зычу вам, каб мы маглі быць заўсёды свабоднымі людзьмі!