Андрэй Янушкевіч: У Беласток мы прыехалі з прэм’ерамі трох нашых новых кніг



У Беластоку пачала сваю працу кніжная выстава-кірмаш — галоўнае мерапрыемства такога кшталту на ўсходзе Польшчы. У кірмашы прымаюць удзел беларускія незалежныя выдавецтвы, якія маюць адмысловы павільён пад нумарам 24.

Сярод беларускіх выдаўцоў свае кнігі, у тым ліку і тыя, якія выйшлі літаральна гэтымі днямі ў Польшчы, прадстаўляе выдавец Андрэй Янушкевіч:

– Мэта ўдзелу зразумелая, яна даволі простая – гэта прадставіць кнігі чытацкай аўдыторыі, атрымаць кантакт з чытачамі, прапанаваць кнігі па добрых коштах. Ну і другі важны момант, акрамя вось гэтай камунікацыі з чытачамі, тут я маю на ўвазе і продаж кніжак таксама – гэта важна, бо камерцыйны складнік важны момант. Таксама хочацца пабыць у выдавецкай супольнасці, пазнаёміцца з замежнымі выдаўцамі, па магчымасці наладзіць кантакты.

Кніжная выстава-кірмаш будзе працаваць тры дні – 21-23 красавіка. Тут вы знойдзеце самы шырокі выбар кніг выдавецтваў „Янушкевіч”, „Цымбераў”, „Гутэнберг”, ARCHE, „Кнігаўка” і іншых. На выставе адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі Уладзімірам Арловым (нядзеля, 12:00) і Алесем Кудрыцкім (субота, 14:00).

Падчас працы кірмашу адбудзецца звыш 20 аўтарскіх сустрэчаў. Сярод іх і сустрэча з вядомым пісьменнікам Міхасём Андрасюком. Пераклад кнігі „Поўня” Міхася Андрасюка на польскую мову будзе прадстаўлены таксама Марцінам Рэмбачам. Гэтая прэзентацыя пачнецца ў суботу, 22 красавіка, а 15-й гадзіне.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя