Андрэй Ярмак: Словы Лукашэнкі пра інцыдэнт з лайнерам Ryanair непраўдзівыя
Кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства па абслугоўванні паветранага руху Украіны Андрэй Ярмак чарговы раз заявіў, што словы Аляксандра Лукашэнкі пра інцыдэнт з лайнерам Ryanair не адпавядаюць рэчаіснасці.
Падчас выступу ў Авальнай зале Дома ўрада 26 траўня Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра інцыдэнт з самалётам Ryanair. Акрамя ўсяго іншага ён назваў нелагічнымі дзеянні пілотаў, якія вырашылі сесці ў Менску, бо да Вільні заставалася ўсяго 70 км. Паводле яго слоў, беларускі бок ужо не чакаў, што самалёт вырашыць вярнуцца. «А цяпер галоўнае пытанне: чаму ніхто не захацеў прыняць самалёт? Ні Вільня, куды ён ляцеў, ні Варшава, ні Львоў або Кіеў», – задаваў пытанне Лукашэнка. «Ніякіх запытаў нам не паступала, – падкрэсліў Андрэй Ярмак. – Гэта можам лёгка даказаць, прад’явіўшы запісы – размовы паміж экіпажам і дыспетчарамі заўсёды запісваюцца».
Чыноўнік адзначыў, што ўкраінскі бок гатовы даць гэтую інфармацыю ў рамках расследавання. Раней прэс-служба аэрапорта імя Шапэна ў Варшаве таксама абвергла заяву беларускага кіраўніка.
Беларускае Радыё Рацыя