Андрусь Цянюта: Вада камень точыць



Двойчы адлічаны з універсітэта, адслужыў у войску, праследаваўся за грамадскую актыўнасць у Маладым Фронце. Гісторыя беларускага актывіста, які ўжо шэсць гадоў жыве ў Польшчы.

Андрусь Цянюта, беларускі актывіст у Беластоку, студэнт і стыпендыят праграмы ўрада Польшчы імя Кастуся Каліноўскага, які быў двойчы адлічаны з універсітэта, быў у войску, а ў рэшце ў 2014 годзе пераехаў жыць і вучыцца ў Польшчу:

– У 2007 годзе за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі на мяне была заведзена крымінальная справа па артыкулу 193 частка 1. Потым быў ператрус, хацелі пасадзіць. У 2008 годзе пачалася лібералізацыя, гандаль з Захадам, вызвалілі ўсіх палітвязняў. Маю крымінальную справу пад гэта закрылі, але замест гэтага мяне адлічылі з універсітэту і накіравалі ў войска. Была мэта мяне ізаляваць перад выбарамі 2010 году. Гэты прызыў я лічу незаконным, бо я не быў годны да службы ў войску па стане здароўя. Супрацоўнікі КДБ зрабілі мне першую групу годнасці – група Г1. Пасля войска, калі я прыйшоў, то таксама пасядзеў пару разоў на сутках. Паступіў другі раз у гомельскі ўніверсітэт на юрыста. У 2014 годзе быў адлічаны, потым я паехаў вучыцца на праграму Каліноўскага. Цяпер я вучуся на магістратуры на факультэце міжнародныя адносіны. Займаюся актывізмам, з сябрамі ходзім пад консульства, праводзім пікеты, удзельнічаю ў акцыях, якія праводзяць беларусы. Мы разам з імі збіраемся, арганізоўваем, абмяркоўваем сітуацыю, тое што адбываецца. Я лічу, што ніколі нельга сядзець склаўшы рукі, трэба змагацца. Праца павінна адбывацца паўсюль, вада камень точыць і мы пераможам. 

Ён працягвае займацца грамадскай дзейнасцю ды ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя