Андрусь Цянюта: Запрашаем на акцыю каля консульства Беларусі ў Беластоку
За незалежнасць і супраць паглыбленай інтэграцыі – з такімі лозунгамі выйдуць беларускія актывісты да генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку 20 снежня ў 14 гадзінаў. Акцыя прымеркавана да пагадненняў аб паглыбленай інтэграцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, студэнт з Беларусі, які вучыцца па праграме Каліноўскага ва універсітэце ў Беластоку, Андрусь Цянюта:
– Гэтая акцыя прысвечана абароне незалежнасці Беларусі. Мэта нашай акцыі – сабраць беларусаў і выказаць свой пратэст супраць пагадненняў інтэграцыі з Расеяй, якія збіраюцца падпісаць 20 снежня Лукашэнка і Пуцін. Мы разлічваем, што прыйдуць усе беларусы, якія зараз знаходзяцца ў Беластоку і каля Беластоку. Канешне, мы будзем рады, калі нехта прыйдзе і з украінцаў, і з палякаў. Нам патрэбная іх падтрымка.
Андрусь Цянюта адзначае, што акцыя каля консульства санкцыянаваная, і спадзяецца што многія беларусы, якім неабыякавы лёс Бацькаўшчыны, праявяць актыўнасць.
– У Беластоку беларусаў насамрэч вельмі шмат. Але праблема палягае ў тым, што ў гэтай колькасці вельмі мала свядомых беларусаў, якія адчуваюць сябе нацыяй і якія гатовыя нешта рабіць дзеля ўзмацнення суверэнітэту. Я ведаю, што большасць беларусаў, якія ў Беластоку, яны не любяць палітыку дзяржавы, яны супраць інтэграцыі. Мы хочам іх з’яднаць у мэтах абароны незалежнасці.
Акцыя каля генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку супраць паглыбленай інтэграцыі з Расейскай Федэрацыяй адбудзецца 20 снежня ў 14 гадзінаў. Падобныя акцыі ўжо прайшлі ў Варшаве, Шчэціне і Кракаве.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя