Анджэй Дуда сустрэўся з беларусамі Падляшша (абноўлена)
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда працягвае свой двухдзённы візіт на Падляшша. Ініцыятарам візіту былі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці. Напярэдадні польскі лідар наведаў Святую гару Грабарку, усклаў вянок і памаліўся каля крыжа ў Залешанах у памяць пра ахвяр Рамуальда Райса „Бурага” і наведаў бельскі беларускі ліцэй. Пазней прэзідэнт выйшаў да прэсы:
– На жаль шмат робіцца для таго, каб пасварыць наша грамадства, каб пасварыць нашы народы. Мы ўсе з’яўляемся грамадзянамі адной Польшчы. Вельмі хацеў бы, каб да гэтага не дайшло. Шукаюць розныя магчымасці, каб нас пасварыць хаця б на гістарычным грунце. Я лічу, што заданнем прэзідэнта Польшчы з’яўляецца супрацьстаянне такім спробам.
Менавіта таму адбыліся сустрэчы ў знакавых для падляшскіх беларусаў месцах:
– Месца, якое некалі ператрывала пакуты, якое ператрывала смерці беларусаў, якія жылі ў Польшчы, дзе некалі загінулі людзі, нявінныя жанчыны, дзеці. Я сёння маліўся ў Залешанах за тых, хто загінуў, усклаў там вянок, як прэзідэнт Польшчы, пад памятным крыжам, які ўсталяваны ў гонар ахвяр. Гэта важна для ўшанавання памяці, важна для захавання памяці.
Упершыню ў найноўшай гісторыі Польшчы лідар дзяржавы схіліў галаву перад ахвярамі так званага “крывавага рэйду” “Бурага”, а таксама ўпершыню ў гісторыі беларускага ліцэю ў Бельску Падляшскім яго наведаў прэзідэнт краіны. Сёння Анджэй Дуда наведвае Семятычы і адно з прадпрыемстваў фірмы Pronar.
Значная частка візіта прэзідэнта Анджэя Дуды на Падляшша была прысвечана сустрэчы ў Бельскім ліцэі з беларускамоўным навучаннем. Высокага госця віталі дырэктар ліцэя Андрэй Сцепанюк, настаўнікі і вучні. У канцы сустрэчы прэзідэнт Дуда пакінуў запіс у школьнай кнізе пачэсных наведнікаў ліцэя.
Прэзідэнт Анджэй Дуда выступіў у Бельскім ліцэі з беларускай мовай навучання з 10-хвіліннай прамовай.
Пра чаканне прэзідэнта ў Бельску расказала наша карэспандэнтка Валянціна Лаеўская:
Вядома, што прэзідэнт Польшчы пабываў каля помніку ў Залешанах. Гэты візіт адбыўся без прэсы. Прыезд да помніку – гэта тое, чаго чакалі беларусы Падляшша, каб прэзідэнт прыехаў і схіліў галаву ў месцы, дзе былі забітыя аддзелам Рамуальда Райса-Бурага людзі. Гэта вельмі сімвалічны жэст. Чакаецца, што прэзідэнт выступіць у ліцэі з прамовай да прадстаўнікоў беларускай меншасці, якая тут пражывае. Сустрэчы чакае каля 50 чалавек, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі.
***
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда cёння сустракаецца з праваслаўным духавенствам і прадстаўнікамі беларускай меншасці на Падляшшы. Перамовы, у прыватнасці, будуць тычыцца становішча беларусаў у Польшчы ў тым ліку ў кантэксце падзей за ўсходняй мяжой.
Перад візітам у Бельск Падляскі прэзідэнт Анджэй Дуда паразмаўляў з мітрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савам і праваслаўным духавенствам на Святой Гары Грабарцы. Гэтая сустрэча працягвалася больш за гадзіну. Прэзідэнт убачыў царкву, абышоў Святую Гару, потым у доме паломніка пагутарыў з праваслаўным іерархам. Пра што ішла размова, невядома – сустрэча была закрытай для СМІ. Акрамя духавенства, у сустрэчы ўзялі ўдзел маршалак Артур Касіцкі і ваявода Падляшскі Богдан Пашкоўскі.
Фота twitter/Kancelaria Prezydenta
Прэзідэнт Анджэй Дуда выправіўся з Грабаркі на сустрэчу ў Залешаны, пазней яго чакаюць у ліцэі No2 з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча у Бельску Падляшскім. Там пройдзе нефармальная сустрэча прэзідэнта з прадстаўнікамі беларускай меншасці.
***
Бельскі беларускі ліцэй упершыню ў сваёй гісторыі будзе прымаць першую асобу Рэчы Паспалітай.
Запрашэнне наведаць Беласточчыну прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда атрымаў сёлета 26 сакавіка ад старшыні Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапы, старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Янкі Сычэўскага, старшыні Беларускага гістарычнага таварыства Алега Латышонка ў час сустрэчы з імі ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве.
Гэта будзе трэці візіт Анджэя Дуды ў Бельск Падляскі, у тым ліку другі на пасадзе прэзідэнта краіны.
Са Святой гары Грабаркі пачынае сённяшні візіт да беларусаў Падляшша прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Візіт кіраўніка краіны быў запланаваны на 13-ю гадзіну. Разам з іншымі сустракаць польскага прэзідэнта прыехаў старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак:
– Гэта першы такі візіт главы польскай дзяржавы, прыязджае да беларусаў канкрэтна, а не проста ў ваяводства. Грабарка – гэта наш духоўны асяродак. Спадзяёмся, што прэзідэнт таксама наведае Заляшаны, гэта ўжо будзе мець вялікае вымярэнне для нас беларусаў, калі прэзідэнт выкажыцца пра нашу цяжкую гісторыю.
Таксама вядома, што ў 16.30 прэзідэнта чакаюць у беларускім ліцэі ў Бельску Падляшскім. Таксама ў будынку 2-га агульнаадукацыйнага ліцэю прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуды правядзе нефармальную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай меншасці. Ліцэй упершыню ў сваёй гісторыі будзе прымаць першую асобу дзяржавы.
У нашым эфіры дырэктар 2-га Агульнаадукацыйнага ліцэю з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк:
– Сёння падчас візіту на Падляшшы спадар прэзідэнт Анджэй Дуда таксама будзе ў нашым ліцэі. Гэта будзе сустрэча не толькі з найлепшымі вучнямі і настаўнікамі. Таксама ў нашым ліцэі адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Гэта такі галоўны пункт можна сказаць, галоўная мэта побыту прэзідэнта ў Бельску.
РР: Якія мэты гэтага візіту? На што разлічваеце, чаго чакаеце?
– Цяжка гаварыць пра нейкія канкрэтныя мэты з увагі на тое, што ўпершыню ў гісторыі ліцэю, а ліцэй існуе амаль 80 гадоў, прэзідэнт Польшчы прыязджае ў нашу школу. Гэта вельмі вялікая адзнака для нас, як і школы, для грамадскасці школьнай, што спадар прэзідэнт і канцылярыя вырашылі спаткацца з прадстаўнікамі беларусаў у нашым ліцэі. Зразумела будзем у сваіх выступах паказваць тое, што добрае робім, каб гэта заўважыў прэзідэнт і заўважыла ўся Польшча. Таксама звернем увагу на пэўныя справы, якія баляць нацыянальнай меншасці. З увагі на тое, што сустрэча з прадстаўнікамі меншасці адбываецца ў такой менш фармальнай атмасферы, то думаю, што гэта будзе нармальная размова з прэзідэнтам Польшчы.
РР: Ці рыхтуеце вы некую адмысловую праграму ці экскурсію?
– Праграма візіту цягам падрыхтоўкі мянялася, і толькі ўчора былі вызначаныя ясней яе пункты. Раскажам пра гісторыю школы, пакажам некаторыя класы, найперш гістарычны клас, дзе ў нас ёсць стэнд з партрэтамі ўсіх дзячаў ураду БНР, чаго няма нідзе ў Беларусі. Таксама спадзяюся, што наведаем клас у якім выкладаецца беларуская мова.
РР: Відавочна, што Анджэй Дуда робіць гэты візіт у антытэзу дзеянням рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Саюзу Палякаў у Беларусі. Нядаўна ён сустракаўся з трыма палітычнымі вязнямі, полькамі, якія былі фактычна дэпартаваныя. Такім чынам прэзідэнт Польшчы хоча паказаць як насамрэч варта ставіцца да пытанняў нацыянальных меншасцяў?
– Несумненна, так і ёсць. Мне цяжка выказвацца пра палітычныя мэты, звязаныя з гэтым візітам, але мы таксама ў такі спосаб хочам падкрэсліць сваю салідарнасць з польскай меншасцю ў Беларусі. Гэтая салідарнасць з боку беларусаў тут павінна таксама расці, бо мы самы як меншасць павінны заўсёды падрымліваць іншыя меншасці. А тое, што робіцца з польскай меншасцю ў Беларусі – гэта проста ганьба і пра гэта трэба гаварыць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Візіт Прэзідэнта Польшчы пачынаецца а 13-й гадзіне з прыезду на Святую гару ў Грабарцы. У ліцэі ён плануе быць а палове пятай.
Беларускае Радыё Рацыя