Анджэй Дуда выступіў перад парадам з нагоды Дня польскага войска



Самалёты МІГ-29 і F-16, a таксама танкі Leopard 2, PT-91, бронемашыны „Расамаха” ды іншая тэхніка. Усё гэта можна было пабачыць у Варшаве, дзе адбыўся парад з нагоды Дня польскага войска. Вуліцамі прайшлі маршам тысячы жаўнераў узброеных сілаў. Перад парадам выступіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. “Вы дэманструеце магутнасць Польшчы”, – звярнуўся ён да вайскоўцаў:

– 95 гадоў прайшло ад вялікай Варшаўскай бітвы. Бітвы, у якой польскія жаўнеры разам, незалежна ад паходжання, затрымалі бальшавіцкую навалу, і не толькі на Польшчу, але і бальшавіцкую навалу на ўсю Еўропу. Вы, польскія жаўнеры, з’яўляецеся спадкаемцамі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія ў той вялікай бітве бралі ўдзел, якія праз заклікі маршалка Пілсудскага, праз Вінцэнта Вітаса пайшлі на фронт і перамаглі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама ўсклаў вянок да магілы невядомага жаўнера і да помніка маршалка Ёзэфа Пілсудскага, прысутнічаў на імшы за Айчыну. Святкаванні Дня польскага войска адбываюцца ва ўсёй Польшчы, у тым ліку ў Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя