Анхела Эспіноса Руіс пачынае выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце



Беларуская паэтка гішпанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс з гэтага навучальнага году пачынае выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце.

У 2019 годзе на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ ў Мадрыдзе яна абараніла доктарскую дысертацыю «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера».

«Варшаўскі ўнівесітэт мне добра знаёмы, бо тут я скончыла беларускую філалогію», – адзначыла Анхела.

– Сёлета я буду выкладаць беларускую мову ў Варшаўскім універсітэце на кафедры беларускай філалогіі. Кафедра, дарэчы, адзначае юбілей – сёлета ёй 65 гадоў. Я буду працаваць у кірунку літаратуразнаўства, але таксама будуць і заняткі беларускай мовай для пачаткоўцаў. Курс будзе па-ангельску, менавіта пра літаратуру як форму пратэсту. І можа быць факультатыўная гішпанская мова ў другім семестры.

Анхела Эспіноса Руіс аўтарка пяці зборнікаў вершаў. Зрабіла пераклад на іспанскую мову вершаў Максіма Багдановіча. Яна лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова, адной з самых прэстыжных у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя