Ян Гелда: У Беларусі еўрапейскія традыцыі



У межах выставы „Калі сонца нізка — цені доўгія” у Беластоку мастак з Беларусі Ян Гелда прадставіў сваю працу „Мяжа і час. Непастаянства межаў”. На стварэнне кампазіцыі мастака натхніла параўнанне на кантрасце жыцця чалавека ў Польшчы і Беларусі ды наведванне Аўгустоўскага каналу на мяжы двух дзяржаў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – мастаком Янам Гелдам, які прадставіў у Беластоку сваю працу „Мяжа і час. Непастаянства межаў” пра тое, наколькі мяжа паміж Беларуссю і Польшчай аддзяляе дзве цывілізацыі, якое месца займае ў гэтым Беласток, ці маецца мяжа ўнутры Беларусі і што яднае яе з Украінай, ды наколькі мажліва творчасць у беларускай рэчаіснасці. „Госць Рацыі” мастак Ян Гелда.

РР: У вас атрымалася напэўна самая актуальная праца. Якая будучыня памежжа?

Сітуацыя такая, што гэта мяжа такая фізічная, яна далей можа быць. Я не бачу ў гэтым нейкай праблемы. Праблема толькі ў тым, што свядомасць людзей змяняецца. Тут узаемны дыялог, стасункі, паміж сабой такое пранікненне павінна быць. Гэта вызначыць ці актуальная гэта мяжа ўвогуле.

РР: Дзе ў асноўным вы займаецеся творчасцю?

– Шмат гадоў жыву ў Варшаве, скончыў там акадэмію. Лічу, што больш спрыяльная для творчасці прастора – гэта еўрапейская, напрыклад Польшча, або іншая краіна. У Беларусі вучыўся ў Менску. Гэты горад, архітэктура была для мяне вельмі цяжкай псіхічна, бо там чалавек, адзінка не мае вартасці. Гэта перашкода для творчасці.

РР: То бок „Горад СОНца” выбудаваны для аднаго чалавека”?

– Так, у СССР гэта планавалася, але да гэтага нельга дайсці, бо гэта штосьці міфічнае.

РР: Як вы лічыце, калі б вы засталіся ў Беларусі, вы б змаглі стварыць свае працы?

– Шмат хто выехаў. Розныя артыстычныя працы можна ствараць і ў Беларусі, але гэта вельмі складана ў многіх сэнсах, цяжка там рэалізаваць гэтыя рэчы, больш складана. Тут прастора не ідэальная, але можна спрабаваць. Тут магчымасці ўзаемаадносінаў паміж іншымі мастакамі лепшыя і гэта дае плёны. На Беларусі мадэль саўковая, дзе праз кіраванне зверху, дзе ёсць жаданне ўпісаць намаганні мастака ў нейкія рамкі.

РР: Якая яна беларуская мяжа? Праз што яна праходзіць?

Карані гэтага і трэба пра гэта казаць, дарэчы як Нямеччына, або Польшча, мае такія падзелы на Усход і Захад. Таксама гэта ёсць і ў Беларусі, як ва Украіне напрыклад. З заходняй часткі шмат людзей выязджала ў напрамку захаду, там працавала, бо ім гэта было бліжэй. Я з Гародні і ведаю гэтаю праз сваю сям’ю. Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і некалькі гадоў хадзіў у школу, гэтая саўковая сістэма была, але сям’я перадала нешта іншае і гэта натуральнае для мяне. Я не ўспрымаў гэтую саўковую рэчаіснасць, бо дзесьці гэта было на генетычным узроўні, таму мяне пацягнула ў напрамку Еўропы, бо для мяне гэта натуральная глеба.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя