Анонс перадачы „Мы бачым”: Кацярына Кучук – пра Чарнобыльскія акцыі



У розных краінах свету адбыўся марш “Чарнобыльскі шлях”, прысвечаны аварыі на АЭС у 1986 годзе. Падтрымалі акцыю і ў сталіцы Польшчы. Падзея ўключала не толькі ўласна шэсце, але і мітынг з удзелам палітычных і грамадскіх дзеячаў.

Суарганізатар мерапрыемства, актывістка Беларусаў Варшавы Кацярына Кучук прыгадала адметныя моманты мерапрыемства.

Для мяне было ўразліва, што я сустрэла ўдзельнікаў, якія ўдзельнічалі ў Беларусі ледзь не кожны год у Чарнобыльскім шляху. Рабілі гэта рэгулярна. І памяталі пра гэта, і ведалі, як гэта рабілася ў Беларусі. Гэта сапраўды для мяне вельмі ўразліва, таму што гэтая трагедыя мяне закранула, калі я была ў дзіцячым узросце, гэта была вялікая трагедыя, але час ўсё сцірае і трошачкі глядзіш інакш – іншыя праблемы, іншыя сітуацыі. Не кожны год гэтая тэма гучала востра ў маім асабістым жыцці. І мяне ўражвае, што былі людзі, якія пра гэта ўвесь час памяталі, і для мяне цікавы факт быў, я даведалася, што праваабарончы цэнтр «Вясна», стаў існаваць менавіта пасля Чарнобыльскага шляху 1996 году. Гэта для мяне таксама была навіна, аказалася, што шмат людзей было затрымана, і ім патрэбна была дапамога. Тым, каго затрымалі падчас шэсця, сталі дапамагаць. Пасля чаго заіснавала „Вясна”.

Пра падрыхтоўку падзеі сёлета, традыцыйныя Чарнобыльскія акцыі і не толькі Кацярына Кучук распавядзе нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай у праграме “Мы бачым” на Беларускім Радыё Рацыя ў пятніцу, 28-га красавіка. Пачатак перадачы – у 19:30 па польскім часе.

Беларускае Радыё Рацыя