Анонс перадачы “З Падляшша родам”: адведаем галерэю “Нараўка” імя Тамары Саланевіч у Нараўцы
“Манішка” – нагрудная ўстаўка ў мужчынскай і жаночай вопратцы. Некаторыя этнографы так называюць нагрудныя аздобныя вышыўкі, якія можна было пабачыць на вопратцы жыхароў падляшскіх вёсак. У 2018 годзе на гарышчы адной са старых драўляных хат у Нараўцы былі знойдзены дзве нагрудныя вышыўкі з мужчынскай кашулі з пачатку мінулага стагоддзя.

Пра гэтую цэнную для мясцовай культуры знаходку, пра нараўчанскія вышыўкі і макаткі даведаемся ў бліжэйшай перадачы з серыі “З Падляшша родам. Месцы. Падзеі. Людзі”. Адведаем галерэю “Нараўка” імя Тамары Саланевіч у Нараўцы.
Пра экспазіцыю распавядзе Кацярна Бяляўская:
– Яны (рэд. знойдзеныя на гарышчы вышыўкі) прадстаўляюць яшчэ архаічную стылістыку. Геамэтрычную. Гэтая геамэтрыя занікае з канцом ХІХ і пачаткам ХХ стагоддзя, замяняецца на рэалістычныя выявы, часта вышываныя гладдзю, як мы бачым на рушніках. А тут на гэтых вышыванках яшчэ маем геамэтрыю, чорная і чырвоная нітка. Маем там яшчэ зоамарфічныя ўзоры – птушкі, кветкі, але ўсё гэта яшчэ ў старой стылістыцы.
Больш пра “нараўчанскія манішкі” даведаемся ў перадачы “З Падляшша родам. Месцы. Падзеі. Людзі” ўжо ў бліжэйшую нядзелю ў 12.05 паводле польскага часу.








Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
