Анонс перадачы “З Падляшша родам”: Хведар Ільяшэвіч
Хведар Ільяшэвіч – грамадска-палітычны дзеяч Заходняй Беларусі. Сёння крыху прызабыты. Ягоную грамадска-палітычную дзейнасць ды літаратурную творчасць звыш двух дзясяткаў гадоў даследавала прафесар Лена Глагоўская. Вынікам яе працы стала кніга “За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ільяшэвіча – беларускага паэта, гісторыка і дзеяча”. Яе прэзентацыя нядаўна адбылася ў Беластоку.
Як узгадвае прафесар Глагоўская, яе знаёмства з дзейнасцю Хведара Ільяшэвіча пачалося зусім выпадкова:
– Першае знаёмства было такое. Як я працавала ў канцы 80-ых пачатку 90-х гадоў у архівах і бібліятэках Беларусі над сваёй доктарскай, значыць кандыдацкай дысертацыяй, проста сядзела там ад адкрыцця да закрыцця. Ездзіла звычайна на канікулах – альбо летніх, альбо зімовых у тыя архівы і бібліятэкі. І была Ленінская яшчэ такая бібліятэка перад 1990 годам. Гэта Нацыянальная бібліятэка Беларусі. І там быў беларускі аддзел. І я ў тым беларускім аддзеле сядзела, пакуль мне сказалі, што пара выходзіць дахаты. І аднойчы жанчына з чытальнага зала мне сказала, што вас запрашае да сябе дырэктарка. І я пайшла. І яна мне паказала “Новую дарогу” з такім каментаром, які да канца жыцця не забуду.
На сустрэчу з прафесарам Ленай Глагоўскай і вынікамі яе даследаванняў пра грамадска-палітычную дзейнасць і літаратурную творчасць актывіста Заходняй Беларусі Хведара Ільяшэвіча Ганна Шайкоўская запрашае ўжо ў бліжэйшую нядзелю ў перадачы з серыі “З Падляшша родам. Месцы. Падзеі. Людзі”. Пачатак а 12.05 паводле польскага часу. Паўтор а 20.05.
Беларускае Радыё Рацыя