Аншлаг на першых занятках «Мова-нанова» ў Беластоку



Першыя заняткі на курсах «Мова-нанова» ў Беластоку прайшлі пры поўным аншлагу. Ахвотных прысутнічаць было столькі, што памяшканне Беларускага МедыяПорта ледзьве здолела ўсіх змясціць.

Першы ўрок быў прысвечаны Беларускай народнай рэспубліцы, 104-я ўгодкі абвяшчэння якой адзначаецца акурат 25 сакавіка. Арганізатар і вядоўца курсаў Ігар Палынскі не скрывае задавальнення той колькасцю людзей, што хочуць наведваць заняткі «Мова-нанова» ў Беластоку.

– Мы не чакалі, што прыйдзе так шмат людзей. Было чалавек 40. Гэта вельмі важная сёння рэч. Таму што гэта не проста мовазнаўства ў чыстым выглядзе, а гэта магчымасць сустракацца. Кожная такая магчымасць для беларусаў, якія аказаліся, хоць для нас вельмі блізкай і прыязнай, але ўсё ж такі на чужыне, гэта не дом, вельмі важная. На маю думку, тое, што мы сёння зрабілі, гэта адзін з крокаў да нашага яднання.

Першымі гасцямі курсаў «Мова-нанова» ў Беластоку былі – галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа і спявачка ды журналістка Кацярына Ваданосава. Заняткі адбываюцца пры падтрымцы – Фонда «Тутака», Беларускай дыяспары ў Беластоку і Беларускага МедыяПорта.

Беларускае Радыё Рацыя