Антось Жукаў: Паток беларусаў у Польшчу проста вялізны
Для дапамогі ўцекачам з Беларусі ў Варшаве арганізаваны Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Пра магчымасці цэнтра расказвае яго прэс-сакратар – “Госць Рацыі” Антось Жукаў.
РР: Чым можа дапамагчы Цэнтр Беларускай Салідарнасці беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць сваю Радзіму?
Антось Жукаў: У людзей няма праблем з рэчамі. Рэчамі, прадуктамі яны забяспечаны. У нас ёсць вялікі склад адзення. Першая праблема, якая вельмі важная для людзей, – юрыдычная дапамога. Бо людзі прыязджаюць і не маюць ніякага статусу. У іх гуманітарная віза і яна выдадзена толькі на год. Таму людзям трэба думаць як легалізавацца. І Цэнтр Беларускай Салідарнасці якраз вырашае гэтыя пытанні. Ён дапамагае ці падаць на бежанства, ці атрымаць “карту побыту”, ці нейкія іншыя формы легалізацыі знайсці. Таму я і заахвочваю людзей, каб яны звярталіся на нашу інфалінію, тэлефанавалі нам і пыталі. І мы найперш стараемся вырашыць юрыдычныя праблемы.
Па-другое, люзі адчуваюць сябе самотнымі ў пэўнай ступені. У іх няма сяброў, блізкіх людзей. Ім трэба неяк паміж сабой кантактаваць. І наш Цэнтр таксама вырашае гэту праблему. Мы арганізоўваем анлайн-мерапрыемствы і майстар-класы.
РР: Людзі прыязджаюць па гуманітарнай візе і ім няма дзе жыць. Вы ім з гэтым дапамагаеце?
Антось Жукаў: Так, мы дапамагаем, але пытанне толькі ў тым, якая сітуацыя ў чалавека. Бо кожны кейс мы разглядаем асобна. Бо паток беларусаў проста вялізны. Кожны тыдзень на нашу інфалінію звяртаецца не менш за 160 чалавек. Даць жытло 160 чалавекам у тыдзень – з гэтым не справіцца нават Польская дзяржава, не кажучы ўжо пра Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Мы дапамагаем людзям, якія знаходзяцца ў найбольш цяжкай сітуацыі. Мы дапамагаем усім беларусам і гэта розныя ступені дапамогі. Мы можам, напрыклад, дапамагчы ў пошуку кватэры. Але аплаціць кожнаму мы не можам, калі такая хваля беларусаў ідзе.
РР: Хто дапамагае Цэнтру матэрыяльна?
Антось Жукаў: У першую чаргу – гэта, канешне, нашыя мецэнаты. І дзякуй ім вялікі за дапамогу! Вельмі шмат неабыякавых беларусаў з усяго свету дасылаюць свае ахвяраванні. І па-другое, можа нават больш мы атрымоўваем грошай ад мясцовых польскіх бізнесменаў, якім таксама баліць за Беларусь. Якія бачаць усю гэту жахлівую сітуацыю. І, канешне, ёсць падтрымка Польскага ўраду, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. У нас даволі вялікая падтрымка ў польскім грамадстве, у польскім бізнесе, у Польскай дзяржаве. І мне здаецца, гэта вельмі класны вынік працы ўсіх беларусаў.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя