„Некаторыя не зрабілі ніякіх высноў з Другой сусветнай вайны” (абноўлена)



„Апошняя вайна свету пакінула запавет: „Ніколі болей!”. Расея парушыла дамову і заявіла: Можам паўтарыць! Беларуская дыяспара Беластоку ля сцен Генеральнага консульства Беларусі правяла антываенную акцыю.

Мерапрыемства было прымеркаванае да 78-й гадавіны перамогі над нацызмам у Еўропе. Але перадусім вечаровы мітынг – стаўся акцыяй салідарнасці з Украінай і ўсімі добраахвотнікамі, хто змагаецца за яе. Кажуць удзельнікі акцыі:

– Некаторыя рашысты, лукашысты не зрабілі ніякіх высноў з гэтай вайны, Другой сусветнай, і працягваюць збіваць людзей, працягваюць захопліваць тэрыторыі. Таму мы сабраліся, каб нагадаць, што беларусы Беластока выступаюць супраць расейскай агрэсіі.

– Вайна зараз ідзе ў Беларусі, там працягваецца вайна супраць уласнага народу.

– Мы – людзі і павінны жыць у вольным свеце.

– Падтрымаць нашых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне за нашу і іх свабоду.

– Гэтая акцыя нагадвае людзям перадусім, што вайна побач, яна ў 70 кіламетрах адсюль, там, дзе акупацыя нашай краіны. Мір будзе, калі закончыцца вайна, а вось вайна можа закончыцца менавіта перамогай аднаго з бакоў. Спадзяюся, што перамога будзе на нашым баку.

Падчас акцыі ўдзельнікі агучылі страты вайны Расеі ва Украіне, правялі паралелі падзей з вайной ва Афганістане, успомнілі ўсіх сваякоў і знаёмых, хто загінуў цягам войнаў ХХ і ХХІ стагоддзя. 

Агулам на вечаровай акцыя ля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку сабралася 30 чалавек.

***

Увечары 8-га траўня ля сценаў Генеральнага консульства Беларусі беларуская дыяспара Беластоку правяла антываенную акцыю.

Мерапрыемства было прымеркаванае да 78-й гадавіны перамогі над нацызмам у Еўропе. Але перадусім вечаровы мітынг – гэта акцыя салідарнасці з Украінай і ўсімі ваярамі, якія зараз змагаюцца за свабоду сваёй дзяржавы. А таму ўдзельнікі сходу з гонарам узгадалі і сваіх продкаў-салдат ды партызан ХХ стагоддзя, так і сучаснікаў-мужных беларусаў, якія са зброяй у руках пайшлі на ўкраінскі фронт, каб змагаюцца з расейскай арміяй.

„Гучыць страшна, непраўдападобна, але такое ХХІ стагоддзе, і такая вайна зараз”, – разважаюць удзельнікі акцыі.

Апошняя вайна свету пакінула запавет: Ніколі болей! Расея парушыла дамову і заявіла: Можам паўтарыць!

„А таму так важна, што беларусы пайшлі на ўкраінскі бок, бо вынік гэтай вайны вызначыць лёс усяго на стагоддзі наперад” – гучыць з мікрафона пад сценамі консульства.

Выступоўцы распавядаюць пра яшчэ адну вайну, якая вядзецца ў Беларусі супраць сваіх грамадзян. Маўляў, у Польшчы ўжо ўзнікла меркаванне, што ў Беларусі ўсё супакоілася. Спікер просіць беларусаў распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі, парушэнні і сітуацыю крызісу. Гэта нябачная частка вайны, і беларусы ў Польшчы працуюць у тым ліку для вызвалення палітвязняў. Узнятае пытанне і непаразумення паміж тымі, хто з’ехаў з Беларусі і тымі, хто застаўся. Усе жадаюць аднаго: заканчэння вайны і свабоды для Беларусі.

Агучваюцца страты вайны Расеі ва Украіне, праводзяцца паралелі з вайной ва Афганістане, якая прывяла да развалу СССР. Працуе вольны мікрафон. Гучаць Украінскія песні вайны. Прысутныя ўспамінаюць загінулых цягам двух стагоддзяў. Агулам сабралася 30 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя