Антываенную акцыю правёў праваабарончы цэнтр “Вясна” ля амбасады Беларусі ў Літве



“Зараз мы маем справы з наступствамі 2020 года ды гадоў, які папярэднічалі яму, калі ўладу ў свае дыктатарскія рукі захапіў адзін чалавек”.

Так адзначыў Алесь Буракоў з “Вясны” і падкрэсліў:

– Вясна і ўсе праваабаронцы Беларусі трыццаць год змагаюцца з тым, каб такіх інцыдэнтаў, якія зараз адбываюцца ва Украіне, не было. Нам вельмі сорамна і сумна, што мы зараз фактычна грамадзяне краіны, якая дапамагае агрэсару. І я магу запэўніць, што праваабаронцы “Вясны” ды іншых арганізацый, зробяць усё, што ў іх сілах, каб гэта хутчэй скончылася.

Праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч нагадала пра святое права народаў на мір — жыць без вайны. А забяспечваць мір — гэта абавязак дзяржавы:

– Гэта рэальнае права, якое маюць людзі, якое зафіксавана ў Дэкларацыі ААН  і якое падпісалі краіны – ўдзельніцы ААН. А беларуская дзяржава – адна з дзяржаў-стваральніц, якая падпісала Устаў аб утварэнні Арганізацыі аб’яднаных нацый.

Антываенную акцыю праваабаронцаў “Вясны” прыйшлі падтрымаць і неабыякавыя людзі. Гучала ўкраінская музыка, а машыны, што праязджалі міма, сігналілі ў знак салідарнасці.

Беларускае Радыё Рацыя