Ануляваныя вынікі конкурсу на пасаду дырэктара белліцэя ў Гайнаўцы (абноўлена)
Вынікі конкурсу на пасаду дырэктара ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы ануляваныя.
Раней кандыдатам на пасаду дырэктара быў вылучаны Ігар Лукашук. За яго кандыдатуру прагаласавала большасць удзельнікаў галасавання.
Сітуацыю тлумачыць стараста Гайнаўкі Міраслаў Раманюк:
– Управа прыняла пастанову па справе анулявання конкурсу на пасаду дырэктара беларускага ліцэя ў Гайнаўцы і адначасова выдала распараджэнне пра паўторнае правядзенне конкурсу. Падставай былі праўныя аспекты, якіх мы не ведалі, калі абвяшчалі конкурс, і якія вынікаюць з пастаноў Вышэйшага адміністрацыйнага суда, і якія кажуць, што ў складзе камісіі не могуць знаходзіцца асобы, якія з’яўляюцца сябрамі ўправы.
Ігар Лукашук можа аспрэчыць ануляванне вынікаў конкурсу. Як стала вядома напярэдадні, вынікі былі ануляваныя па юрыдычных прычынах.
Віцэ-стараста Гайнаўскага павета Ядвіга Дамброўская не пагаджаецца з рашэннем ануляваць вынікі конкурсу:
– Спадар Ігар Лукашук цудоўна прэзентаваў сябе ў конкурсе, прадставіў сучасную канцэпцыю развіцця школы, усім вельмі спадабалася. Выйграў большасцю галасоў і здавалася, што няма фармальных перашкодаў, каб ён стаў дырэктарам. З’явіліся новыя факты, якія прадаставіў іншы кандыдат, такім чынам вынік быў ануляваны.
Шматгадовы дырэктар ліцэя Яўген Сачко, які таксама вылучаў сваю кандыдатуру, пакуль застанецца на сваёй пасадзе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя