Аптытанне: Хто больш шчаслівы – украінцы ці беларусы?
Беларусы і ўкраінцы іншым разам зайздросцяць адзін аднаму. Шмат каму ў Беларусі даспабоды палітычныя свабоды ўкраінцаў, пашырэнне ўкраінскай мовы ў штодзённым жыцці, а таксама прыродная ўкраінская разняволенасць. Шмат якія ўкраінцы ў захапленні ад беларускіх ўпарадкаванасці і дысцыплыны, а некаторыя нават лічаць беларускую палітычную мадэль амаль ідэальнай.
Дык каго нашыя паўдзённыя суседзі лічаць шчаслівейшымі – сябе ці нас?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война апытаў жыхароў Чарнігава, памежнага з Беларуссю.
Андрэй, студэнт: На маю думку, шчаслівейшыя беларусы. Які б у іх не быў прэзідэнт. Хаця ён і дыктатар, але ён дбае пра беларускую гаспадарку. Ён усё трымае ў кулацы. Так, там сапраўды дыктатура, але там ёсць парадак. А ва Украіне – так, куды больш дэмакратыі. Але ў нас неверагодная карупцыя. Пакуль мы яе не пераможам, пакуль не перастанем даваць хабары – мы будзем нешчаслівымі.
Аляксей, электрагазазваршчык: Калі браць фінансавы бок, то шчаслівейшыя беларусы. У вас там зусім няма растаможкі на аўтамабілі…
Кацярына, прадавачка ў кнігарні: Мне здаецца, што шчаслівымі могуць быць і беларусы, і ўкраінцы. Няма нейкага пэўнага фактара, калі ты адчуваеш сябе шчаслівым, ці нешчаслівым. Гэта ўнутраны стан чалавека. Тое ж самае тычыцца і нацый. Калі кожны будзе аддаваць кожнаму любоў, дабро і разуменне, не будзе ніякіх канфліктаў, бо канфлікты ўзнікаюць з-за зайздрасці, нянавісці і непаразумення. З-за гэтага – і канфлікты, і войны.
а. Яўген (Орда), святар Кацярыненскай царквы: Шчаслівейшыя тыя, хто верыць у Бога. Бывае, што цэлыя народы катуюць, мардуюць, але вера ў Бога ім дапамагае. Мне здаецца, што беларусы будуць шчаслівейшымі за ўкраінцаў…
Марыя Піліпаўна, пенсіянерка: А навошта нас параўноўваць? Гэта як у тым анекдоце пра двух сабакаў: у аднаго ланцуг даўжэйшы, а міса пустая, а ў другога ланцуг кароткі, але ў місе нешта ёсць. Так, у нас ва Украіне малыя зарплаты і проста жабрацкія пенсіі. А ў Беларусі, кажуць так, і пенсіі большыя, і зарплаты вышэйшыя. Але ж у Беларусі няма волі. Я тут неяк пазнаёмілася з гамальчанамі, разгаварыліся. Тыя вельмі скардзіліся на беларускую міліцыю. Маўляў, могуць ні за што забраць, збіць, прыпісаць нейкае злачынства… Яшчэ тыя гамяльчане казалі, што ў Беларусі цяпер скарачэнні на вытворчасці, і тыя людзі, якія панабіралі крэдытаў, могуць усё страціць… Так што кожны з нас нешчаслівы па-своему.
Юніс Аскераў, грамадскі актывіст: Беларусы крыху больш заможныя за нас, так. Але ў нас непараўнальна больш свабоды. Кожны грамадзянін у нас, дзякуючы таму ж Майдану, можа вольна выказвацца. У беларусаў такой мажлівасці няма. Калі б неяк аб’яднаць украінскі і беларускі народы, наша свабода і беларуская працалюбнасць – мы б сталі непараможнымі!
У “Сусветным індэксе шчасця”, прынятым у 2011 годзе на Генеральнай Асамблеі ААН, найбольш шчаслівай краінай прызнаная Швейцарыя. Беларусь займае 59-ы радок, Украіна – 111-ты. Самыя нешчаслівыя краіны – Сірыя і Аўганістан.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя