Апытанка: Ці можа Расея здзейсніць напад на Украіну з Беларусі?
Падчас кіеўскай сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам беларускі высокапасадовец запэўніў, што з тэрыторыі Беларусі агрэсіі на Украіну не будзе.
А што думаюць з гэтай нагоды ўкраінцы?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война звярнуўся з такім пытаннем да жыхароў Чарнігава.
РР: Ці можа Расейская Федэрацыя здзейсніць агрэсію супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі?
Святлана, супрацоўніца турыстычнай агенцыі: На маю думку, не можа. Таму, што пан Лукашэнка сказаў, што ён за братоў-украінцаў.
Ігар, бізнэсовец: Лукашэнка – гэта маскоўскі прыхвасцень. І яго ніхто не стане пытацца. З яго тэрыторыі, магчыма, на нас паляцяць летакі, ракеты – што заўгодна. Гэта звычайная расейская марыянетка.
Наталля Барысаўна, натарыус: Пана Лукашэнку ўспрымаю, як чалавека амбіцыйнага, у лепшым разуменні гэтага слова. Ён дбае пра свой народ. У першаю чаргу ён такога не зробіць, таму што не дапусціць, каб было пагана яго народу. Ён ніколі не дасць мажлівасці агрэсіі са сваёй краіны!
Дзмітрый, уладальнік транспартна-лагістычнага бізнэсу: Бацька-Лукашэнка абяцаў усебаковую дапамогу Украіне. Але разам з тым, ён не хоча псаваць адносіны з Масквой. Так што Бацька-Лукашэнка вельмі ненадзейны чалавек. Верагоднасць нападу ёсць, але 1 да 10.
Валерый, сяржант міліцыі: Я думаю, агрэсіі з беларускага боку не будзе. Беларусь – сяброўская для нас краіна. І ёй невыгодна падстаўляць Украіну.
Антаніна, школьная настаўніца: На маю думку, тэарэтычная верагоднасць такога нападу ёсць. Прэзідэнт Беларусі цалкам залежыць ад прэзідэнта Расеі. І фінансава, і энэргетычна. Сыходзячы з гэтага, можа быць “уваход міратворчых войскаў” на тэрыторыю незалежнай Украіны з тэрыторыі Беларусі, хаця Беларусь для нас – сяброўская краіна. “Зялёныя чалавечкі” якія-небудзь, ці, можа, “фіялетавыя чалавечкі”, якія будуць “ратаваць” нас ад “Правага сектару” могуць зайсці на тэрыторыю Украіны ў паўночнай яе частцы.
У Беларусі знаходзіцца тры вайсковых базы міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі: радыёлакацыйная станцыя “Волга” ў Ганцавічах, 43-ці вузел сувязі ваенна-марскога флоту ў Вілейцы, і 61-ая знішчальная авіябаза ў Баранавічах, прытым на апошнюю цягам 2015 года перакінутыя новыя расейскія самалёты.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя