Апытанне: Ці ёсць розніца паміж менталітэтам украінцаў і беларусаў?



Ад Чарнігава да беларускай мяжы – ўсяго 85 кіламетраў. І яшчэ ўсяго 65 кіламетраў да Гомеля.

Чарнігаў

Ці змяняецца на такой малой адлегласці менталітэт нашых народаў? Што падабаецца ўкраінцам у нашым нацыянальным характары, а што – не надта?

Марцін Война распытваў чарнігаўцаў на вуліцах горада.

Студэнт Андрэй: Беларусы больш гаспадарлівыя, чым украінцы. Украінцы яны таксама гаспадарлівыя, але беларусы больш робяць для сябе, для сям’і, для сваёй краіны. Украінцы збольшага робяць самі для сябе, то бок за іншых мала хто думае.

Пенсіянерка Аксана Рыгораўна: Я лічу, што нашы браты беларусы, па-першае, больш шчаслівая нацыя, чым мы, хаця ім таксама дасталася ва ўсе стагоддзі вельмі няпроста і вельмі нямала. У наш час самыя няшчасныя – гэта нашы ўкраінцы, якія жывуць у мірны час у час вайны, у якіх гінуць хлопцы і гэтай вайне не бачна ні канца ні краю. Беларусы мне падабаюцца больш тым, што яны можа проста спакойныя, вытрыманыя, вельмі добразычлівыя, дабрадушныя людзі, гатовыя дапамагчы, адгукнуцца на любую бяду. Я вельмі шчаслівая, што ў мяне мая сяброўка з Гомельскай вобласці Брагінскага раёна.

Інжынер Максім Феліксавіч: Беларусы напэўна больш спакойныя рабяты. Напэўна з-за існуючага рэжыму больш несвабодныя таму, што ва Украіне ўсё ж такі здарыўся Майдан, і на сённяшні дзень можна сказаць, што ва Украіне нейкія зрухі ў бок паляпшэнняі дэмакратыі прысутнічаюць. А ў Беларусі, наколькі мне вядома, у 2010 годзе падчас спробы Майдана проста задушылі.

Каардынатар чарнігаўскай Самаабароны Аляксандр Ясенчук прыгадвае ўрачыстасці на мяжы Украіны, Беларусі і Расеі, дзе стаіць помнік „Тры сястры”, які прысвечаны сяброўству трох памежных краін: Што тут параўноўваць, я гэта бачыў, там сустракаліся тры розныя народы, было тры ментальнасці. Бачыш збоку, ідзе вялязны натоўп людзей, пяць секунд і яны ўжо ўбаку п’юць гарэлку – гэта расейцы. З іншага боку бачыш ідзе натоўп людзей, але яны ўсе ідуць шэрагам, побач з імі ідуць хлопцы ў піджаках з гальштукамі, яўна нейкі кадэбіст ці хосьці там – гэта беларусы. Таксама ідуць, падыходзяць, пазней могуць выпіць, але беларусы вельмі законапаслухмяныя. Ззаду ўкраінская дэлегацыя, гэта было ў часы Януковіча, там ідуць прадстаўнікі ўлады, Партыі рэгіёнаў, трохі далей ідуць апазіцыянеры, а далей увогуле нейкая такая анарха-вольніца – казакі ў шараварах, якія міліцыю пасылаюць на фіг, бо яны не лічаць міліцыю тымі, кім яны з’яўляюцца.

Сярод амаль 290-тысячнага насельніцтва Чарнігава мясцовыя беларусы, паводле перапісу, складаюць 18 тысяч. У Рэпкінскім, Шчорсаўскім, Гараднянскім і Менскім раёнах колькасць беларусаў сягае да 40% ад агульных жыхароў. Гэта найбуйнейшая нацыянальная меншасць на Сівершчыне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя