Арганізатары фестывалю “Гледзячы на Усход” разлічваюць на дапамогу
Арганізатары літаратурнага фестывалю “Гледзячы на Усход”, які праходзіць на Падляшшы, просяць аб дапамозе. Мерапрыемства аб’ядноўвае пісьменнікаў-падарожнікаў і чытачоў, зацікаўленых тэмай Усходу. На фестывалі гасцявалі такія пісьменнікі як Анэта Прымака-Онішк, Васлаў Радзівіновіч, Яцэк Гуго-Бадэр, Андрэй Струмілла ды Енджэй Моравецкі.
На фота: Пятро Брысач (справа) і Пятро Мальчэўскі
Цягам чатырох гадоў фестываль арганізоўваюць двое сяброў – журналіст і выдавец Пятро Брысач і фатограф Пятро Мальчэўскі. „Каб развіваць фестываль патрэбная нам дапамога і таму пачалі мы публічны збор сродкаў”, – кажа Пятро Брысач.
– Мы далі рады арганізаваць чатыры эдыцыі фестывалю за ўласныя сродкі. Але калі будзем рабіць сапраўды вялікія імпрэзы з удзелам вялікай колькасці гасцей, то мусім спадзявацца на нашу вялікую сям’ю, якую цягам чатырох гадоў запрашаем ў Буду Рускую.
Чарговы фестываль “Гледзячы на Усход” адбудзецца 15-19 жніўня ў Будзе Рускай, што на Сувальшчыне. Збор сродкаў на мерапрыемства працягваецца да 19 лютага на сайце polakpotrafi.pl. Арганізатары падрыхтавалі для фундатараў неспадзяванкі. За адпаведную колькасць грашай можна атрымаць між іншым падарожныя кніжкі, фотаальбомы Пятра Мальчэўскага ды начлег у палатцы-юрце ў Будзе Рускай.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота polakpotrafi.pl