Арганізатары маршу роўнасці ў Беластоку маюць прэтэнзіі да ўладаў



Арганізатары маршу роўнасці ў Беластоку, лічаць што ўлады горада і паліцыя недастаткова справіліся са сваімі абавязкамі па ахове ўдзельнікаў шэсця. Ён прайшоў 20 ліпеня пад лозунгам “Беласток – горад для ўсіх “.

Як адзначыла адна з суарганізатараў мерапрыемства ад вясёлкавага Беластока Катажына Росіньска, ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі да ўладаў:

– Супрацоўнікі паліцыі не паклапаціліся адпаведным чынам пра нашу бяспеку. Ведалі, што парушаецца закон, а яны не рэагавалі ці рэагавалі вельмі павольна. Мне не спадабалася тое, што там адбывалася. Акрамя гэтага лічу, што контр-дэманстрацыі павінны быць распушчаны ўладамі. Калі б усё насамрэч адбывалася паводле права, то не склалася б такая сітуацыя.

Згодна паведамленню падляшскай паліцыі, устаноўлены ўжо асобы 72 чалавек, якія парушалі закон падчас першага параду роўнасці ў Беластоку. Адмысловая група паліцэйскіх цяпер вывучае відэазапісы, каб апазнаць хуліганаў, якія па розных прычынах перашкаджалі легальнаму шэсцю, кідаліся ў іх бок камянямі, петардамі, яйкамі і бутэлькамі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя