Арганізацыі ўкраінскіх палякаў запатрабавалі вызваліць прадстаўнікоў СПБ



Неадкладна вызваліць старшыню нефармальнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс і іншых актывістаў аб’яднання запатрабавалі ў сумеснай заяве Саюз палякаў Украіны і Федэрацыя польскіх арганізацый ва Украіне.

Аўтары выказваюць „глыбокае абурэнне” дзеяннямі беларускіх уладаў супраць СПБ. „Вобшукі, допыты і арышты — гэта беспадстаўныя рэпрэсіі, ахвярамі якіх апошнім часам сталі настаўнікі польскіх школ, члены, актывісты і прыхільнікі СПБ. Пераследы і арышты — відавочнае парушэнне правоў чалавека і элементарных нормаў міжнароднага права”, — гаворыцца ў заяве.

Аб’яднанні ўкраінскіх палякаў выказваюць „поўную салідарнасць” з палякамі ў Беларусі і патрабуюць ад уладаў краіны „неадкладнага спынення рэпрэсій”.

25 сакавіка Генпракуратура Беларусі паведаміла, што распачала ў дачыненні да Анжалікі Борыс і „іншых асоб” справу па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

У ведамстве сцвярджаюць, што „грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза”, з 2018 года правялі ў Гродне і Гродзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. „Іх дзеянні мелі на мэце рэабілітацыю нацызму, апраўданне генацыду беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.

Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Гродне, на наступны дзень суд арыштаваў яе на 15 дзён за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага свята рамёстваў „Гродзенскія Казюкі — 2021”. Пасля арышту СПБ заявіў, што „пераслед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задач СПБ, а менавіта захаванне польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасці”, з’яўляецца „актам запалохвання ўсёй польскай меншасці ў Беларусі”.

Раніцай 25 сакавіка ў кватэры члена праўлення СПБ журналіста Анджэя Пачобута прайшоў трохгадзінны вобшук. Канфіскаваныя два ноўтбукі, жорсткія дыскі, сем старых тэлефонаў, польскамоўная літаратура, бэйджы з канферэнцый, усе дакументы на польскай мове, уключаючы дакументы дачкі, і ўзнагароды польскага конкурсу GrandPress. Пачобут змешчаны ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Як паведамляў БелаПАН, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў міжнародныя перамовы па лініі ААН, АБСЕ і Савета Еўропы ў сувязі з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі. Акрамя таго, ён звярнуўся з лістом да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, у якім папрасіў узняць гэтае пытанне на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Савета бяспекі ААН (у сакавіку Злучаныя Штаты старшынствуюць у гэтым органе).

Даведка БелаПАН. Да 2005 года ў Беларусі існаваў адзін Саюз палякаў. Пасля яго расколу ў краіне дзейнічаюць два саюзы — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць польскія ўлады. Анжаліка Борыс узначаліла неафіцыйны СПБ адразу пасля расколу (да 2010 года і з 2016-га).

belapan.by