Арлянская гміна заахвочвае лепшых вучняў



У Орлі стартавала Стыпендыяльная праграма войта Арлянскай гміны. 50, 100 ды 150 злотых у месяц – такія стыпендыі атрымалі сёння ў Орлі 13 вучняў Комплекса школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы за першае паўгоддзе бягучага школьнага года.

“Гміна Орля знаходзіцца ў добрай фінансавай сітуацыі, таму і з’явілася гэтая стыпендыяльная праграма,” – паясняе войт Арлянскай гміны Пятро Сэльвесюк:

– Рада гміны ўхваліла прапанову аб заснаванні стыпендыі для вучняў, якія маюць даволі высокія вынікі ў вучобе. Мы зацікаўленыя ў тым, каб асобы здольныя, інтэлігентныя і далей маглі развіваць свае здольнасці. Праз колькі год яны прыйдуць нам на змену і будуць развіваць нашу гміну.

Стыпендыі будуць уручацца за добрыя вынікі ў вучобе і спорце. Аднак вучань мае абавязак мець найвышэйшцю адзнаку за паводзіны.

Стыпендыяльная праграма войта Арлянскай гміны будзе падтрымоўваць лепшых вучняў і ў наступных гадах.

[Not a valid template] 

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара