Армейскія і народныя песні на фестывалі ў Гайнаўцы
На Падляшшы праходзяць паасобныя канцэрты ў рамках “Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі”.
У мясцовым амфітэатры выступіў менскі хор Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ён прэзентаваў праграму, якую склалі армейскія і народныя песні.
[Not a valid template]
11 траўня падчас апошняга, трэцяга, дня конкурсных праслухоўванняў 37 Міжнароднага фестывалю “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” ў мясцовым саборы Святой Тройцы хор праспявае праграму на царкоўную музыку. “Хоры, якія прыязджаюць на фестываль, прэзентуюцца таксама ў час паасобных канцэртаў”, – кажа дырэктар Гайнаўскага дома культуры Расціслаў Кунцэвіч:
– Гэта такая традыцыя ад самага пачатку фестывалю. Пасля конкурсных выступленняў хоры збіраліся спачатку пры вогнішчы, пазней у амфітэатры. Будуць спяваць у Белавежы, у Асяродку лясной адукацыі. Гэта ўжо такое фальклорнае свята. Ведаем, што прыязджаюць сусветныя хоры і калектывы, якія ўмеюць спяваць царкоўную музыку, але і фальклор, і розную іншую.
У 17:00 у царкве ў Кляшчэлях выступіць хор Сынкавіцкай царквы “Aksios”. З 18:00 у Бельскім доме культуры пачнецца канцэрт менскага хору “Фэст”. У 20:30 у Асяродку лясной адукацыі “Ягелоньскія” каля Белавежы пройдзе “Фальклорная бяседа”.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара