Армянскі класічны тэатр у Беластоку



На завяршэнне тэатральнага фестывалю „Напрамак Усход” выступіў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Габрыэла Сундукяна.

Акторы з Арменіі паказалі спектакль „Декамерон”. І здаецца твор, які быў напісаны ў сярэдзіне 14 стагоддзя набывае новую актуальнасць. Там пра чуму, а ў нас у 2021 годзе – каронавірус. Пра гэта таксама думалі, калі працавалі над спектаклем, кажа яго рэжысёрка Лілі Елбакуян:

– Быў каронавірус і пандэмія, таму я вырашыла зрабіць гэты спектакль, гэта дапамагала. Падчас спектаклю мы думалі, чаму паміраюць людзі. Мы прыйшлі да таго, што людзі здзейснілі многа грахоў, многа саграшылі. У „Дэкамероне” гэта ўсё бачна.

Прэм’ера спектакля ў Ерэване адбылася ў траўні 2020 года, але акрамя каронавірусу яго паказам перашкодзілі ваенныя дзеянні, калі разгарэўся чарговы канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам. Цяпер яго граюць і возяць на фестывалі. Нядаўна паказвалі ў Венгрыі, цяпер у Польшчы. У Беластоку публіка яго прыняла выдатна, кажа дырэктар беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі – Пётр Паўторак:

– Можна было і пасмяяцца і паплакаць, мы бачылі цудоўны тэатр. Недзе на ўсходзе паўстаў тэатр, які чапляе палякаў. Ён не патрабуе разумення, глядзіцца. Не ідзе пра тое, што было шмат смешных сітуацый, не. Гэта шчасце, якое вынікае з мастацтва, гэта штосьці незвычайнае. Цяжка хваліць сваё, але мне вельмі спадабаўся гэты фестываль.

Тэатральны фестываль „Напрамак усход”, мэта якога паказаць культуру з-за ўсходняй мяжы Польшчы – у Беластоку ўжо завяршыўся. У яго рамках мясцовыя тэатралы паглядзелі 2 спектаклі з Беларусі, 4 з Польшчы, адзін Грузіі і адзін з Арменіі. У рамках фестывалю завязалася супрацоўніцтва. І ўжо ў снежні акторы Беластоцкага драматычнага плануюць паехаць з гастролямі ў Ерэван.

Беларускае Радыё Рацыя