Артур Гавэл: „Бусліная лапа” мела сімвалічнае значэнне



7-га красавіка вернікі Праваслаўнай Царквы, адзначаюць адно з 12-ці вялікіх святаў – Дабравешчанне Багародзіцы. Паводле Евангелля ў гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў ёй пра будучае нараджэнне Ісуса Хрыста – Сына Божага і Збавіцеля свету.

У народнай традыцыі свята Дабравешчання звязанае з пачаткам вясны і прылётам буслоў з выраю. У гэты дзень гаспадыні рабілі выпечку на дражджах у форме бусліных лапак. Людзі верылі, што лапкі маглі прывабіць і саміх птушак. А калі бусел пасяліўся на хаце ці гумне, гэта мела прынесці гаспадарам шчасце.

Кажа этнограф Артур Гавэл:

– „Бусліныя лапы”, якія выпякалі, якраз у час калі прыляталі буслы, мелі падкрэсліць тое, што гэта час іх вяртання, пачатак вясны. Адначасова, што гэта час калі адраджаецца прырода. „Бусліная лапа”, у павер’і нашых продкаў мела сімвалічнае значэнне выклікання ўраджаю. Нашыя продкі верылі, і гэта адлюстроўваецца ў шматлікіх песнях, што лапа, стуканне ў зямлю пабуджае развіццё прыроды. І адтуль узяўся абрад выпякання „бусліных лапаў”.

Акрамя „бусліных лапаў”, на Дабравешчанне гаспадыні таксама пяклі булачкі ў форме баронаў ці сярпоў. Гэта мела гарантаваць ураджай у час жніва. Паводле вераванняў, на свята Дабравешчання не можна было нічога рабіць. Існавала перакананне, што ў гэты дзень нават птушкі не віюць свае гнёзды.

Беларускае Радыё Рацыя