Артур Касіцкі ўзнагароджаны Ордэнам адраджэння Польшчы
Артур Касіцкі, маршалак Падляшскага ваяводства, быў узнагароджаны прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам рыцарскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы. Узнагароду ў сераду 27 траўня яму ўручыла Галіна Шыманьска, кіраўніца справамі прэзідэнта, падчас цырымоніі ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве.
Цырымонія была арганізавана ў Дзень мясцовага самакіравання, устаноўленага ў гадавіну першых мясцовых выбараў у Польшчы. Сёлета споўнілася 30 гадоў з дня гэтай падзеі.
Ордэн Адраджэння Польшчы быў створаны ў 1921 годзе і ўручаецца за выдатныя заслугі ў служэнні дзяржаве і грамадству. Асабліва за выдатныя дасягненні ў грамадскай дзейнасці, што ажыццяўляецца на карысць краіны, за адмысловыя заслугі па ўмацаванні суверэнітэту і абароны краіны, за развіццё народнай гаспадаркі, дзяржаўную службу, за выбітную навуковую, літаратурную і мастацкую творчасць і за выдатныя заслугі ў развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Польшча з іншымі дзяржавамі і нацыямі.
У цырымоніі таксама прынялі ўдзел віцэ-маршалак Сенату Марэк Пэнк і міністр Адам Квяткоўскі.