Аўгустоўская аблава. Сведчанні жыхароў вёскі Калеты
У ліпені 1945 года чырвоная армія і аддзелы народнага камісарыяту ўнутраных справаў пры дапамозе польскага войска і службы бяспекі гэтай краіны арганізавалі аперацыю па ліквідацыі польскага антыкамуністычнага падполля на тэрыторыі Аўгустоўскай пушчы.
Як вынік – некалькі тысяч арыштаваных і амаль 600 забітых палякаў.
Жыхары вёскі Калеты
Трагедыя закранула і вёску Калеты, якая знаходзіцца на тэрыторыі Гарадзенскага раёна. Да гэтага часу тут жывуць людзі, якія памятаюць тыя трагічныя падзеі:
— У нашай вёсцы было гумно, стаяла на ўзгорку і там іх збіралі, лічачы, што яны вінаватыя. Там іх і закрылі. Усё гэта рабілі паціху, але людзі заўважылі калі іх выганялі на панадворак. Над імі стаяў салдат з аўтаматам. Жылі ў нашай вёсцы Гаспярэвічы і ў іх было тры сыны, да іх прыйшлі і трох сыноў забралі і бацька застаўся без сыноў. Я памятаю, як сёння, што старэйшы быў Юзэф Гаспярэвіч, а потым Антэк і Петрык. І ўсіх іх забралі з дому як вялікіх вінаватых і закрылі ў будынку. З імі там вялі разборкі. Там былі не толькі яны былі, а многа іншых людзей прывезлі, якія былі супраць савецкай дзяржавы. Потым іх вывезлі, а ў які бок я сказаць не магу, ці туды далей пад Аўгустовэк, як мы называем, ці ў іншы бок, але факт, што ня стала.
— Я памятаю як яны сядзелі сагнаныя ў гумне. Адкуль былі тыя людзі я не ведаю. А ў нас вокны былі насупраць гумна, дык мы толькі памятаем, бо як іх выганялі мы заўсёды з хаты глядзелі, што там была адна моладзь. А ўсіх іх у гумне было шмат. Куды іх пагналі — не ведаю. Іх выгналі з гумна ўночы і пехатою павялі. Ніякіх машынаў не было. Пагналі ды расстралялі, а дзе расстралялі дык хто яго ведае. Ніхто нічога не ведае. Недзе ў лесе, бо іх павялі ў лес за вёску і там можа і забілі. Я толькі памятаю што ў нас быў пагранічны афіцэр на кватэры, з жонкай, дык тая матка тых Каспяровічаў заўсёды прыходзіла да маёй мамы і заўсёды плакала, што ў яе забралі трох сыноў. Яна толькі казала, што мае сыны не вернуцца, а тая афіцэрская жонка сказала, няхай яна ідзе і моліцца, бо іх ужо няма сярод жывых. Было бачна, як яны іх выгналі дык там іх і перабілі.
— З Калетаў у няволі было дваццаць чатыры асобы. Нехта вярнуўся, а нехта — не. Зніклі. Можа забілі. Мала хто вярнуўся, але і тых ужо няма ў жывых нікога. Палякаў забівалі. У КДБ сагналі і вывозілі, вывозілі. Усіх павывозілі, так знішчылі тых палякаў…
Гісторыкі не выключаюць, што месца расстрэлу палякаў з антыкамуністычнага падполля знаходзіцца на прыпамежнай тэрыторыі па беларускім баку.
Польская дзяржава доўгі час спрабуе дамовіцца з уладамі Беларусі пра правядзенне пошукавых працаў, але пакуль безвынікова. Аўгустоўская аблава — трагедыя, якая атрымала назву «Другая Катынь» па-ранейшаму застаецца таямніцай.
Радыё Рацыя дзякуе тыднёвіку беларусаў у Польшчы „Ніва” за інфармацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
На відэа фільм Бэаты Гыжы-Чалпіньскей, які паказвае драму сем’яў ахвяраў Аўгустоўскай аблавы ды распавядае пра следчыя дзеянні, што праводзяцца для высвятлення лёсу зніклых.
Беларускае Рацыя Рацыя
Фота aaaalisha.flog.pl
Працяг у панядзелак (21.03)