Аўтамабілі ў Польшчу пакуль выязджаюць у штатным рэжыме
Грузавы і пасажырскі транспарт перасякае мяжу з Польшчай у штатным рэжыме, праходзячы неабходную санітарную апрацоўку, паведаміў выданню Sputnik афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.
Напярэдадні прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў аб закрыцці мяжы для замежнікаў. Ён удакладніў, што пакуль зачыненыя межы будуць на працягу 10 дзён з магчымасцю падаўжэння яшчэ на 20 дзён, а затым – на месяц.
„Польскі бок пакуль не падаваў інфармацыі пра змену працы пунктаў пропуску. На дадзены момант аўтамабілі праходзяць мяжу ў штатным рэжыме, з прымяненнем неабходных мер санітарнага кантролю”, – адзначыў Бычкоўскі. Пакуль польскія памежнікі прымаюць усе аўтамабілі з Беларусі. У далейшым, як заяўляў Маравецкі, будуць прыпыненыя аўтамабільныя, міжнародныя пасажырскія і чыгуначныя перавозкі, мера не закране пакуль грузаперавозкі.
З-за каронавіруса ўезд для замежнікаў cёння з 18 гадзін на два тыдні зачыняе Літва, а 16 сакавіка і Украіна на такі ж тэрмін. Для беларускіх грамадзян пакуль застануцца адкрытымі межы з Латвіяй і Расеяй.
Фота ДПК Беларусі