„Багач” у Вільні



У Вільні скончыўся Тыдзень беларускай культуры традыцыйным восеньскім беларускім абрадам “Багач”. Ён ладзіўся на падворку Цэнтра беларускай супольнасці і культуры. Праводзілі яго ўдзельніцы гурта “Беларускі цуд”.

Кажа кіраўніца гурта Святлана Чакушка:

–  Гэта такі старажытны абрад, які быў прымеркаваны, па-першае, да восеньскага раўнадзенства. Потым, з прыходам хрысціянства,  – да нараджэння Святой Багародзіцы. Ён па-рознаму называўся ў розных рэгіёнах і, наколькі я ведаю, быў больш распаўсюджаны менавіта на тэрыторыі пасялення крывічоў, то бок на Міншчыне, на Падзвінні. Звычайна гэта свята заканчэння такога актыўнага сельскагаспадарчага года.

На беларускі абрад прыйшлі паглядзець і мясцовыя жыхары. Паводле Роберта Баркоўскага, ён заўважыў падабенства абрадаў двух народаў.

  Народнае, сваё. Бачна, што для вас, беларусаў, гэта вельмі важна – культура, утрыманне гэтай культуры. Супольнасць ваша такая вельмі-вельмі моцная, гэта адчуваецца, і гэта вельмі крута.

Можна знайсці такія агульныя рысы паміж Вільнюскім раёнам, вёскай, і ў вас. Бачна, што культура падобная і вельмі блізкая нават.

Пасля абраду “Багач” ладзіліся супольны абед са стравамі беларускай кухні, беларускія народныя танцы, бяспройгрышная латарэя “Багач”, супер-прызам якой быў гарбуз на 6,5 кілаграмаў.

Таксама працавала сялянская фотазона, імерсійная выстава “Лес беларускіх нячысцікаў і казак”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя